Штогод у раён прыходзіць на працу амаль паўсотні маладых спецыялістаў. Сферы самыя розныя — гэта і аграпрамысловы комплекс, і адукацыя, і культура, і медыцына, і органы унутраных спраў. І амаль усе спецыялісты маюць праблему з жыллём.
Па словах намесніка старшыні Свіслацкага райвыканкама Юрыя Куляшова, Указ № 1 «Аб асаблівасцях прадастаўлення і выкарыстання арэнднага жылля» вельмі сваечасовы, бо дазволіць паскорыць вырашэнне многіх жыллёвых пытанняў на месцах.
—Указ прастымулюе замацаванасць маладых спецыялістаў, дасць магчымасць вырашыць многія бытавыя праблемы. Наша пакаленне прайшло праз гэтыя праблемы, было вельмі складана атрымаць добраўпарадкаванае жыллё, асабліва ў сельскай мясцовасці. Ды і ў райцэнтрах маглі разлічваць у лепшым выпадку на інтэрнаты, якія часта не адпавядалі патрэбным санітарна-гігіенічным нормам. Цесныя пакоі, незручныя кухні, санвузлы, — узгадвае свае крокі на першым працоўным месцы Юрый Куляшоў. —Ды і тыя, хто здымаў жыллё, як правіла, мелі пакой у сумесным доме з гаспадарамі. Зараз такія ўмовы не задавальняюць. Маладыя людзі хочуць самі адчуваць сябе гаспадарамі ў сваіх кватэрах.
Зразумела, што кожны спецыяліст хоча разлічваць на добраўпарадкаванае асобнае жыллё. І ён павінен мець такую магчымасць, лічаць у Свіслацкім райвыканкаме. Бо без жылля аб замацаванні маладых спецыялістаў гаварыць складана. Яны будуць, што называецца, чакаць заканчэння тэрміну размеркавання, каб паехаць у вялікі горад. Як выхад — прадаставіць арэндную кватэру.
Юрый Куляшоў паведаміў, што ў Свіслачы сёлета з’явіцца першы арэндны дом, дзе змогуць пасяліцца, у тым ліку, і маладыя спецыялісты. Для гэтай мэты рыхтуецца праект па рэканструкцыі былога інтэрната на 36 двух — і аднапакаёвых кватэр. «З выхадам Указа № 1 справа з дакументацыяй павінна пайсці хутчэй. Мы спадзяёмся на ўключэнне ў абласную інвестпраграму», — зазначыў суразмоўца.
Арэнднае жыллё, на яго думку. дазволіць палепшыць замацаванне маладых спецыялістаў у раёне. Зараз гэты паказчык складае 60 %. Але тут імкнуцца да таго, каб ён дасягаў 80-85%. Тады, упэўнены прадстаўнік улады, маладыя спецыялісты ў далейшым сапраўды прынясуць карысць раёну, бо будуць планаваць сваё жыццё на больш працяглы тэрмін, створаць тут сем’і.
У планах мясцовай улады ёсць і будаўніцтва шматкватэрных дамоў.
Фота аўтара