Top.Mail.Ru

У Свіслацкай ЦРБ усе рамонтныя работы праведзены гаспадарчым спосабам, без прыцягнення іншых падрадчыкаў

Усе супрацоўнікі, якія выконвалі рамонт, знаходзяцца ў штаце бальніцы і займаюцца абслугоўваннем будынкаў і збудаванняў. Пра гэта журналісту «Звязды» расказала загадчыца гаспадаркі ўстановы Таццяна Курбат.


Бесперапыннае абнаўленне
— Цалкам абнавілі клініка-дыягнастычную лабараторыю. На яе рамонт было выдаткавана звыш 40 000 беларускіх рублёў, з якіх бальніца ўнесла крыху больш за 1000, усё астатняе вылучыў райвыканкам, — паведаміла Таццяна Курбат. — Абнавілі палаты ў аддзяленнях на 4 і 5 паверхах. Адзінае, што рабілі не самі, — гэта падлогавае пакрыццё. У рамонце палатных аддзяленняў таксама вельмі дапамагло кіраўніцтва раёна, было выдаткавана амаль 70 000 рублёў, і ўсё гэта з бюджэту. Усе закупкі праводзіла самастойна, разлічвала каштарыс. Па адукацыі я будаўнік, добра ва ўсім разбіраюся, выдатна ведаю бальніцу, бо працую тут з 1996 года.
IMG_2927.jpg

Абнавіўся і рэнтген-кабінет. Зрабілі рамонт і закупілі новае сучаснае абсталяванне. Зусім хутка тут змогуць прымаць пацыентаў. Праведзены бягучыя рамонты і добраўпарадкаванне тэрыторый структурных падраздзяленняў цэнтральнай раённай бальніцы, амбулаторый і фельчарска-акушэрскіх пунктаў, хірургічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў бальніцы. Штогод абнаўляецца аўтамабільны парк установы.

Галоўны ўрач бальніцы Ілья Турко зазначае: у Свіслацкім раёне задача ўмацавання здароўя насельніцтва з’яўляецца прыярытэтнай. Даступнасць медыцынскай дапамогі забяспечваецца сеткай устаноў. Стацыянарная дапамога аказваецца цэнтральнай раённай бальніцай на 126 ложкаў, дзе штогод стацыянарнае лячэнне праходзіць больш за тры з паловай тысячы пацыентаў у чатырох спецыялізаваных аддзяленнях, у тым ліку на 20 койках сястрынскага догляду.

У структуры амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: паліклініка на 250 наведванняў, 5 амбулаторый, якія працуюць па агульнаўрачэбным прынцыпе, 11 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Магутнасць амбулаторна-паліклінічнай сеткі раёна перавышае сярэднеабласную.

Слёзы шчасця
  • Медыцынскую дапамогу насельніцтву раёна аказваюць 61 урач і 188 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.
IMG_2929.jpg

Малады спецыяліст урач-нарколаг Марыя Лятко прызналася, што з ранняга дзяцінства марыла быць урачом:
— Мне заўсёды падабалася дапамагаць людзям, і я з захапленнем назірала за медыцынскімі работнікамі. Прайшла вялікі шлях. Першапачаткова хацела быць медыцынскай сястрой, паступіла ў каледж. Тады яшчэ не думала паступаць у Гродзенскі медуніверсітэт, але пазней рашылася і паступіла...
Марыя спынілася, адвяла вочы ўбок. У іх стаялі слёзы. Так атрымалася, што ўспаміны накацілі хваляй, дзяўчына расчулілася. Сказала, што вельмі шчаслівая: усё атрымалася, як яна марыла.
— У мяне цётка лекар-псіхатэрапеўт. Памятаю, як яна вучылася, сядзела круком над падручнікамі. На канікулах у бабулі заўсёды за ёй назірала. У яе быў няпросты шлях да ўніверсітэта і ў прафесію, але ў выніку ўсё склалася ўдала. Гледзячы на яе, канчаткова выбрала і свой шлях. Я родам з Мастоў, але потым з сям’ёй пераехалі ў Гродна. Размеркаванне атрымала ў Свіслацкую ЦРБ. Мяне ніколькі не засмуціла, што паеду на адпрацоўку ў раён. Лекар — ён усюды лекар. Калектыў вельмі цёпла сустрэў, заўсёды магу знайсці падтрымку і апору, параду. Вядома, праца няпростая, пацыенты бываюць розныя, але яны ўсе мае, — падзялілася малады ўрач.
IMG_2930.jpg
 
Сучасны падыход

Галоўны ўрач звяртае ўвагу, што ў бальніцы ўдасканальваюцца арганізацыйныя тэхналогіі. Ужываюцца агульнакамандны метад працы лекараў агульнай практыкі, элементы «клапатлівай паліклінікі», адпрацоўваецца маршрутызацыя пацыента ад інтэнсіўнай тэрапіі да поўнай рэабілітацыі. Праводзіцца інфарматызацыя галіны: укаранёны электронная амбулаторная карта і электронная гісторыя хваробы пацыента. У практычнай рабоце шырока выкарыстоўваецца тэлекансультаванне.
— Выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты і аб’ёмы па відах медыцынскай дапамогі, якая аказваецца насельніцтву за кошт бюджэту, шырока выкарыстоўваюцца стацыянаразамяшчальныя тэхналогіі. Па інтэграванай сістэме ацэнкі працы — мадэлі ацэнкі дзейнасці — сістэма аховы здароўя раёна ў 2024 годзе дасягнула найлепшага выніку сярод раёнаў вобласці, — паведаміў Ілья Турко.
Акрамя таго, па выніках штогадовага абласнога конкурсу якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва па выніках дзейнасці ў 2024 годзе сярод урачэбных амбулаторый вобласці Навадворская амбулаторыя ўстановы аховы здароўя «Свіслацкая цэнтральная раённая бальніца» заняла першае месца. І калектыў працягне і надалей рабіць усё, каб насельніцтва ў раёне было здаровым!

Вераніка Казлоўская,

г. Свіслач.

Фота аўтара.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю