Вясна сёлета адпавядае календару, зрэшты зіма таксама прыйшла і пайшла ў свой тэрмін. Так што сяўба пачалася стандартна. Адсутнасць маразоў дае станоўчы прагноз. Аграрыі па ўсёй краіне спадзяюцца, што надвор’е будзе спрыяць, і старанна працуюць. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправілася ў Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці, каб даведацца, як там праходзіць пасяўная.
Уклад у імпартазамяшчэнне
Як расказаў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Свіслацкага райвыканкама Сяргей КАБЫЛКА, раён мае свае асаблівасці. У параўнанні з іншымі раёнамі Гродзенскай вобласці тут невялікі працэнт сяўбы ранніх яравых культур — 1130 га. А ўсяго пасяўныя плошчы займаюць 13 466 га. Самы вялікі аб’ём адведзены пад кукурузу: на сілас — 6380 га, на зерне — 2019 га. Ячменю ўсяго 500 га, аўса — 330 га. Акрамя таго, у раёне займаюцца вырошчваннем бялковых культур.
— Соі ў нас 1152 га і сланечніку амаль 1500. Кліматычныя і глебавыя ўмовы дазваляюць паспяхова апрацоўваць гэтыя культуры, — тлумачыць Сяргей Васільевіч. — Сланечнік вырошчваем на працягу пяці апошніх гадоў. Калісьці высаджвалі яго ў якасці эксперымента, і ўсё ўдалося — расліны выдатна сябе адчуваюць. Культура прыбытковая, плануем і надалей займацца яе вырошчваннем. Да таго ж мы ўносім уклад у імпартазамяшчэнне і распаўсюджванне на рынку ўласнай бялковай сыравіны. І сланечнік, і соя ў далейшым ідуць на перапрацоўку — з іх атрымліваюць сланечнікавы соевы жмых і шрот. А гэта важная частка рацыёну жывёлы.
Летась Свіслацкі раён сутыкнуўся з сур’ёзнымі праблемамі з-за замаразкаў. Гэта негатыўна адбілася на ўраджаі збожжавых і іншых сельскагаспадарчых культур. Ураджай збожжа склаў крыху больш за 80 % ад 2024 года, а ўраджай рапсу — толькі 62 %. Аднак, паводле слоў Сяргея Кабылкі, гэты сезон усяляе надзею:
— Цяпер прагноз на ўраджай пакуль спрыяльны, але ўсё будзе залежаць ад надвор’я ў найбліжэйшы час. Галоўнае, каб у маі не было маразоў. Дзве падкормкі азімых збожжавых ужо завершаны, цяпер праводзіцца трэці падкорм рапсу. Нягледзячы на цяжкасці, спецыялісты гатовы прыкласці ўсе намаганні для аховы раслін і атрымання максімальнага ўраджаю. Гэта ўключае ў сябе выкарыстанне сучасных тэхналогій і метадаў, якія дапамагаюць мінімізаваць рызыкі і забяспечыць паспяховае развіццё сельскай гаспадаркі ў Свіслацкім раёне.

З клопатам аб зямлі і людзях
З’ездзілі на палі сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «ВМК-АГРА». Ралля гаспадаркі — 6408 га, плошча яравога севу — 2117 га. Ужо завершана сяўба ранніх яравых культур, застаецца дасеяць аднагадовыя культуры. Сяўбу кукурузы пакуль не пачалі, бо глеба недастаткова прагрэлася, расказвае дырэктар прадпрыемства Міхаіл МАРЧУК:
— Праца ідзе ажыўлена. Уносім арганічныя ўгнаенні, вільгаць закрылі яшчэ месяц таму. У нас працуюць 34 механізатары, усе задзейнічаны. Сочым за тым, каб тэхніка своечасова абнаўлялася, забяспечваем супрацоўнікаў дастойнай заработнай платай. Усе пераработкі аплачваюцца, за іх можна па выніку года атрымаць ад 5000 да 9900 рублёў — па сутнасці, гэта 13-я зарплата. Сабраны добры сацпакет. Важна, каб работнікі ведалі, што іх працу цэняць і што на гаспадарку можна заўсёды разлічваць.
Словы дырэктара пацвярджае тое, што многія працуюць у гаспадарцы ўжо не адно дзесяцігоддзе. Напрыклад, механізатар Андрэй ВІТРУК тут з 2000 года. Працаваў на розных пасадах, быў за рулём разнастайнай тэхнікі. Сам з сельскай мясцовасці, у горад з’язджаць не захацеў.
— У мяне дзядуля, бабуля, дзядзька звязалі сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Я заўсёды назіраў за іх працай, мне гэта падабалася, таму абраў менавіта гэтую сферу, — кажа ён. — Мне падабаецца выходзіць у поле. Сучасная тэхніка дазваляе камфортна працаваць. Але ўсё ж любімы момант у працы — гэта калі на палях з’яўляюцца ўсходы і ты бачыш вынік доўгіх гадзін у полі.
А яшчэ ў СУП «ВМК-АГРА» абавязкова бяруць на ўзбраенне лічбавыя тэхналогіі. Напрыклад, чатыры адзінкі тэхнікі, задзейнічанай у пасяўной, абсталяваны навігацыйнай сістэмай і аўтапілотам. Усе палі гаспадаркі алічбаваны. Міхаіл Марчук зазначае, што ў век тэхналогій абавязкова трэба ўкараняць інавацыі.
Усе на абед!
Якраз заспела момант абеду. У поле пад’ехаў невялікі бусік. Адчыніліся дзверы, і прыемны кухар прывіталася з механізатарамі, адкрыла кантэйнер і наліла гарачага супу. Па словах механізатараў, абеды заўсёды смачныя і дастаўляюць іх своечасова. У гаспадарцы строга сочаць за харчаваннем сваіх работнікаў.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара