Top.Mail.Ru

У сям’і Бурло-Гарадко-Качан з пакалення ў пакаленне перадаюць прфесійныя навыкі

Электратэхнічны завод імя В. І. Казлова, што ў сталіцы, можа шмат чым ганарыцца. Напрыклад, тым, што з’яўляецца адным з найбуйнейшых у СНД вытворцаў электратэхнічнага абсталявання для размеркавальных сетак і электратэхнічных станцый. Або слаўнай гісторыяй, якая бярэ пачатак у далёкім ужо 1956 годзе. Аднак самым вялікім гонарам прадпрыемства з’яўляюцца працоўныя дынастыі. Выдатныя спецыялісты, якія ў свой час прыйшлі працаваць на завод, прысвяцілі рабоце на ім не адзін дзясятак гадоў, а затым прывялі на прадпрыемства сваіх дзяцей і ўнукаў. Многія з’яўляюцца ганаровымі ветэранамі завода і сваімі багатымі напрацоўкамі шчодра дзеляцца з маладымі калегамі.


Услед за бацькамі і сястрой

Адной з ганаровых прадаўжальніц працоўнай сямейнай дынастыі завода імя В. І. Казлова з’яўляецца Тамара Гарадко, тэхнік па планаванні цэха № 6. Жанчына працуе на заводзе з 1997 года.

Тамара Арсеньеўна з гонарам успамінае заснавальнікаў працоўнай сямейнай дынастыі — сваіх бацькоў. Бацька, Арсеній Якімавіч Бурло, 20 сакавіка 1967 года прыйшоў працаваць на завод наладчыкам халодна-штамповачнага абсталявання. Крыху больш як праз месяц, у верасні 1967 года, на прадпрыемства ўладкавалася на работу і маці Тамары Арсеньеўны, Зінаіда Канстанцінаўна. Тут, на заводзе, маладыя работнікі пазнаёміліся, пакахалі адно аднаго і стварылі сям’ю. Любоў да прафесіі бацькі перадалі сваім дзецям. Арсеній Якімавіч з’яўляецца ветэранам завода, Зінаіда Канстанцінаўна — таксама ганаровым ветэранам прадпрыемства.

З ліпеня 1986 года пачала свой працоўны шлях на заводзе старэйшая сястра Тамары Арсеньеўны Ірына. Яна аддала рабоце на прадпрыемстве 39 гадоў. Ганаровым ветэранам завода з’яўляецца і яе муж, Сяргей Яўгенавіч Качан. Ён працаваў наладчыкам халодна-штамповачнага абсталявання з 1981 года.

28 гадоў прысвяціў рабоце на вытворчасці і муж Тамары Арсеньеўны Руслан Іосіфавіч Гарадко, які пачаў свой працоўны шлях у 20-гадовым узросце. З ліпеня 2020 года працуе на прадпрыемстве інжынерам-тэхнолагам сын Тамары Арсеньеўны і Руслана Іосіфавіча Цімур, а яго малодшы брат Трафім сёлета скончыў сярэднюю школу і збіраецца паступаць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — як і брат, хлопец хоча атрымаць спецыяльнасць інжынера і прыйсці працаваць на завод, на якім прайшлі свой працоўны шлях бабуля, дзядуля, бацькі і сваякі.

Падтрымка родных і завода

Хутка і непрыкметна пралятаюць гады. І цяпер Тамара Арсеньеўна ўспамінае, як пасля заканчэння Мінскага электратэхнічнага каледжа прыйшла працаваць на прадпрыемства намотчыцай трансфарматарных катушак, потым была прызначана размеркавальнікам работ, а цяпер яна тэхнік па планаванні цэха № 6.

— Вельмі важна тое, што кожны з работнікаў прадпрыемства на працягу ўсяго працоўнага шляху адчувае клопат і ўвагу да сябе, — адзначае Тамара Арсеньеўна. — Здарылася так, што нашаму старэйшаму сыну спатрэбілася тэрміновая аперацыя ў Маскве. З боку кіраўніцтва завода мы атрымалі матэрыяльную дапамогу для першай паездкі. Пазней Міністэрствам аховы здароўя было падрыхтавана гарантыйнае пісьмо на аплату лячэння, але тая матэрыяльная дапамога з боку роднага прадпрыемства стала вельмі важнай для нас, — кажа Тамара Арсеньеўна. — Значная фінансавая падтрымка была і з боку пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Сыну своечасова зрабілі аперацыю, і пра яго праблемы са здароўем мы больш не ўзгадвалі. Цімур добра вучыўся ў школе, затым паступіў у БНТУ, атрымаў прафесію інжынера-тэхнолага і прыйшоў працаваць на «сямейны завод».

— Муж, якому ў свой час мой тата перадаў прафесійныя навыкі, — працягвае Тамара Арсеньеўна, — спачатку працаваў наладчыкам халодна-штамповачнага абсталявання, затым — дыспетчарам цэха. Як адказнага і ініцыятыўнага работніка яго прызначылі начальнікам вытворча-дыспетчарскага бюро. Руслан Іосіфавіч у свой час скончыў БНТУ, потым удасканаліў сваю прафесійную падрыхтоўку ў магістратуры.

Як у вялікай сям’і

— За той час, які я працую на прадпрыемстве, зразумела галоўнае: нішто так не аб’ядноўвае калектыў, як агульныя захапленні і сумеснае баўленне вольнага часу.

Работнікі завода ўдзельнічаюць у розных спартыўных актыўнасцях, праяўляюць свае здольнасці ў творчых конкурсах, сваёй энергіяй, пазітывам зараджаюць моладзь.

4. 045A4576.jpg

— Так, нядаўна прыйшоў працаваць на завод інжынерам па нармаванні Артур Бабровіч. Як аказалася, ён выдатна гуляе ў футбол. Цудоўныя вакальныя здольнасці мы выявілі ў інжынера-тэхнолага Яны Клімянковай, якая актыўна ўдзельнічае ў конкурсах мастацкай самадзейнасці.

У тэлеграм-канале нашага прадпрыемства мы стварылі рубрыку «Стравы выхаднога дня», дзе публікуем свае любімыя рэцэпты з фота, указваем імя і прозвішча аўтара. Шмат станоўчых эмоцый работнікам прадпрыемства падарыў Дзень піцы. Актыўны ўдзел у ім узялі завадчане ўсіх узростаў. Ярка і запамінальна праходзіла Масленіца, дзе мы разам пяклі бліны. Выдатны настрой усім падарылі песні і захапляльныя конкурсы. Многія работнікі завода паказваюць высокія вынікі ў плаванні, скачках. Нямала сярод іх і выдатных артыстаў.

Аднак Тамара Арсеньеўна — не толькі цудоўная работніца, але і выдатная гаспадыня. Пасля завяршэння працоўнага дня яны з мужам з задавальненнем шчыруюць на лецішчы ў Пухавіцкім раёне. Руслан Іосіфавіч узводзіць гаспадарчыя пабудовы, а Тамара Арсеньеўна працуе на градках. На дачы растуць клубніцы і буякі, розныя сарты перцу, памідораў і агуркоў, з якіх гатуюцца смачныя нарыхтоўкі. 

— Я лічу сябе шчаслівым чалавекам, таму што мне дораць асаблівую радасць і работа, і сям’я. Я працую з аднадумцамі, людзьмі, якія знайшлі ў любімай прафесіі прызванне і ўласным працоўным запалам зараджаюць навакольных. Сваёй штодзённай бездакорнай працай яны закладваюць надзейны фундамент прадпрыемства і яго надзейную будучыню, — кажа Тамара Арсеньеўна, і ў гэтых словах гучыць простая праўда жыцця.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю