Top.Mail.Ru

У сям'і Строк бацька і сын — міліцыянеры, падрастае і магчымы прадаўжальнік дынастыі

«Тата, я табой ганаруся»

Маёр міліцыі, галоўны спецыяліст Цэнтра культурна-выхаваўчай работы МУС Мікалай СТРОК пайшоў па слядах бацькі, выбраўшы працу ў праваахоўных органах. Хоць яна абавязвае быць у меру строгім і стрыманым, умець аператыўна рэагаваць і прымаць рашэнні, праяўляць кемлівасць і справядліва ацэньваць тое, што адбываецца, у вольны час наш суразмоўца — чулы і клапатлівы муж, бацька і творца. У Мікалая падрастае шасцігадовы сын. Пра тое, як складваюцца ў сям’і ўзаемаадносіны паміж унукам, сынам і дзядулем, а таксама як удаецца сумяшчаць працу і творчасць, напярэдадні Дня бацькі расказаў карэспандэнту «Звязды» наш суразмоўца.

«Шмат часу праводзіў з татам на працы»

З гэтага пачынае аповед пра выбар будучай прафесіі Мікалай Мікалаевіч. «Бацька заўсёды быў прыкладам чулага чалавека і годнага афіцэра. І гэта заўважаю не толькі я, але і навакольныя. Мікалай Сцяпанавіч (тата) — палкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Доўгі час ён працаваў у Кастрычніцкім РУУС Мінска, скончыў сваю службовую кар’еру ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС», — кажа ён.

У сям’і Строк — трое дзяцей: два сыны (адзін з якіх Мікалай) і малодшая дачка. «Мама ў нас — гераіня, — дзеліцца суразмоўца. — Тата ўсё ж такі з-за нагрузкі часта затрымліваўся на працы, таму клопатам пра нас і гаспадаркай займалася маці. Яна, дарэчы, мяне прывяла на танцы, якія і вызначылі, так скажам, пачатак майго творчага шляху. Больш за дзесяць гадоў я прысвяціў гэтаму хобі. Аднак паступіў вучыцца ў Акадэмію МУС».

Па слядах бацькі пайшоў толькі адзін з дзяцей — Мікалай: «Працу з татам абмяркоўваем, я яму расказваю, як цяпер усё працуе. Ён, у сваю чаргу, дзеліцца, як гэта было раней. Часам пытаюся, як у той ці іншай сітуацыі лепш паступіць, хоць працэсы працы ўсё ж памяняліся з тых часоў».

Існуе меркаванне, што гэта няпростая прафесія накладвае пэўны адбітак, чалавек становіцца больш чэрствым. Аднак, сцвярджае Мікалай, усё залежыць ад нас саміх. «Я, напрыклад, чалавек яшчэ і творчы, аднак пачынаў працаваць у службе па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Гэта няпроста, калі затрымліваеш чалавека за незаконны абарот наркотыкаў, разумееш, якое пакаранне яго чакае за гэтыя ўчынкі. Але ўсё роўна адчуваеш у некаторай ступені шкадаванне, што чалавек выбраў такі шлях для сябе. Хоць праца і абавязвае быць моцным, умець прымаць рашэнні, пастаяць за сябе, абараніць людзей, мы ўсе такія ж людзі, якім уласцівыя звычайныя чалавечыя якасці».

Нядаўна Мікалай стаў удзельнікам інцыдэнту. Увечары з сям’ёй вяртаўся дадому. Каля крамы па сталічнай вуліцы Шпілеўскага ўвагу прыцягнула нецвярозая жанчына, якая вяла занадта актыўную гутарку з трыма падлеткамі. У аднаго яна паспрабавала вырваць з рук гаджэт, але, страціўшы раўнавагу, павалілася. У гэты момант з крамы выйшаў спадарожнік жанчыны, таксама ў стане ап’янення. Падумаўшы, што яго пасію штурхнулі, мужчына дастаў з кішэні курткі нож і пабег за адным з маладых людзей. «Грамадзянін відавочна ствараў пагрозу, таму ўмяшаўся ў тое, што адбываецца. Вёў дыялог з парушальнікам, выконваючы меры бяспекі. Камунікацыя з міліцыянерам астудзіла запал, і ён кінуў сваю зброю на зямлю. Пасля гэтага хуліган быў перададзены нараду патрульна-паставой службы, — расказвае суразмоўца. — Што цікава, адзін з супрацоўнікаў гэтай службы спытаў, ці не працаваў мой бацька ў органах унутраных спраў. Ён бацьку ведае і згадаў яго добрымі словамі. Вельмі прыемна было гэта чуць. Не менш прыемна чуць і ад уласнага сына: «Тата, я табой ганаруся. Ты малайчына».

Прыклад для пераймання

Цяпер яго сыну Валодзю шэсць гадоў. Бацька стараецца ўдзяляць яму як можна больш часу. У выхадныя дні ўсёй сям’ёй яны гуляюць у сваім любімым Лошыцкім парку. Тата з сынам таксама разам любяць гатаваць: у кожнага з мужчын нават ёсць свая кніга рэцэптаў! Жонка працуе педагогам па вакале і ва ўсім падтрымлівае мужа. «Каханая ведала, за каго выходзіла замуж. Калі мы пазнаёміліся, я яшчэ вучыўся ў Акадэміі МУС. Здаралася, дома зусім мала бываў, аднак нашы адносіны гэта не пагоршыла, — расказвае аб сямейным укладзе Мікалай. — Любім падарожнічаць разам па Беларусі. Стараемся паказаць дзіцяці прыгажосці сваёй краіны, тым самым адкрываючы і для сябе новыя месцы. Рыбалка, грыбное паляванне... Мы, як бачыце, не дамаседы. У нас усё выдатна. Жонка мая — залатая!»

Кім стане Валодзя, яго бацька пакуль не змог адказаць. «Дзеці ў такім узросце, як правіла, бачаць сябе або касманаўтамі, або міліцыянерамі! Ёсць у сына і творчыя задаткі. У любым выпадку навязваць яму сваё меркаванне не стану, як некалі і мае бацькі далі свабоду выбару. Гэта правільны падыход у выхаванні. Наша прафесія ўсё ж такі не з простых, часам трэба прайсці агонь, ваду і медныя трубы. Яе любіць патрэбна. На службе я сур’ёзны і строгі, а тата і муж — мяккі, добры», — расказвае Мікалай.

«Творчасцю захапляюся з дзяцінства»

На танцы ўпершыню ў дзяцінстве яго адвяла мама. «Паставіўся я да гэтага, мякка кажучы, скептычна. Займаўся ў сталічным Доме культуры чыгуначнікаў у калектыве на працягу дзесяці гадоў. Шмат падарожнічалі, пабывалі нават у Кітаі. Акрамя таго, шкодных звычак у мяне ў падлеткавым узросце не з’явілася, як гэта часта бывае, таму што заняты справай быў. Песенная і вершаваная творчасць з’явілася ў больш свядомым узросце, калі паступіў у Акадэмію МУС.

Асноўная тэматыка вершаў — любоў да Радзімы, прырода. Мікалай актыўна вядзе старонкі ў сацыяльных сетках, на паэтычных сайтах. «У цэнтры культурна-выхаваўчай работы Міністэрства ўнутраных спраў адкрыўся новы віток творчасці — напісанне песень, у тым ліку для артыстаў беларускай эстрады. Асаблівым для мяне стаў верш на беларускай мове — ён мне грэе душу», — падзяліўся Мікалай.

Яна ВАЛАСАЧ

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю