Top.Mail.Ru

У Таджыкістане рыхтуецца анталогія беларускай літаратуры

У Беларусі і Таджыкістана склаліся добрыя літаратурныя адносіны. У мінулыя гады ў Душанбэ выйшаў шэраг кніг з творамі беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на таджыкскую мову. Гэта – проза і паэзія Мікалая Чаргінца, Алеся Бадака, Юрыя Сапажкова, Міколы Мятліцкага, Георгія Марчука, іншых літаратараў нашай краіны. Зараз таджыкскія сябры беларускай літаратуры рыхтуюць анталогію сучаснай беларускай літаратуры. 


Расказвае яе ўкладальнік старшыня секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі: 

— З падтрымкай калег па Саюзу мною сабраны творы сучасных беларускіх паэтаў і празаікаў. Найперш іх аўтарамі з’яўляюцца лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Ёсць у зборніку і творы маладых пісьменнікаў. Рукапіс перададзены ў Саюз пісьменнікаў Таджыкістана. Дарэчы, у гэтай краіне працуе Цэнтр мастацкага перакладу — адмысловая структура, якая займаецца арганізацыяй міжнародных літаратурных сувязяў, прасоўваннем таджыкскага прыгожага пісьменства ў іншых кутках свету. У нас у Таджыкістане ёсць добры сябра — член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ато Хамдам. Ён часта наведваецца ў Беларусь. У Мінску пабачылі свет некалькі яго кніг. У тым ліку і напісаная разам з беларусам Леанідам Чыгрыным аповесць «Подзвіг Эмамалі Рахмона», прысвечаная іх нацыянальнаму лідару, прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону. 

У планах беларуска-таджыкскага літаратурнага супрацоўніцтва — падрыхтоўка і выданне анталогіі таджыкскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Зараз зборам матэрыялаў для гэтага выдання займаюцца пісьменнікі, перакладчыкі з Душанбэ.

Мікола Берлеж



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю