У Талачынскім раёне бацька разам з сынам спрабаваў уцячы ад ДАІ на матацыкле. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на УУС Віцебскага аблвыканкама.
Увагу супрацоўнікаў міжраённага аддзела ДАІ УУС прыцягнуў матацыкл без рэгістрацыйнага знака, на якім таксама знаходзіўся пасажыр. Калі інспектары падалі сігнал аб спыненні, кіроўца праігнараваў яго і павялічыў хуткасць.
Падчас пераследу парушальнік не рэагаваў на патрабаванні інспектараў, толькі спрабаваў паскорыцца. У канчатковым выніку ён з’ехаў з дарогі і быў затрыманы супрацоўнікамі ДАІ.
Высветлілася, што матацыкл не быў зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку. Ім кіраваў 44-гадовы мужчына, які не мае правоў на кіраванне. Ён рухаўся са сваім 16-гадовым сынам. Матацыкл быў набыты напярэдадні, і бацька вырашыў пракаціць на ім сваё дзіця.
На парушальніка складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, матацыкл змешчаны на штрафстаянку.