Беларуская і ўзбекская паэтычная моладзь паядналася, каб адзначыць юбілей узбекскага паэта Султана Джуры, які загінуў на Гомельшчыне ў Вялікую Айчынную вайну.
Султан Джураеў нарадзіўся ў кішлаку Кагалтам Шафірканскага раёна Бухарскай вобласці. Бацькі памерлі рана. Султан пешшу адправіўся ў Бухару да старэйшай сястры. Пайшоў у школу, вучыўся на выдатна. Авалодаў пяццю мовамі: акрамя роднай узбекскай — яшчэ і рускай, татарскай, таджыкскай і казахскай. Даволі рана пачаў пісаць вершы. Закончыў педвучылішча. Працаваў у школе настаўнікам узбекскай мовы і літаратуры. У 1940 годзе закончыў Андзіжанскі педагагічны інстытут. Друкаваца пачаў з 1927 года. Пабачылі свет яго паэтычныя зборнікі «Самаахвярныя», «Нараджэнне ісціны», «Масква». Напісаў паэму «Джардана Бруна». За творчую дзейнасць быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны».
З лютага 1942 года Султан Джура — на фронце. Вершы пісаў і на фронце. Ваяваў кулямётчыкам. Загінуў на Гомельшчыне. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны. У верасні 2025 года — 115 гадоў з дня нараджэння узбекскага паэта і салдата, які загінуў на беларускай зямлі. Літаратурная моладзь дзвюх краін — Беларусі і Узбекістана аб’ядналася, каб ушанаваць памяць воіна. Расказвае старшыня секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактар аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнед Малахоўскі:
Узбекскія калегі рыхтуюць для нас падрадкоўнікі твораў легендарнага паэта Султана Джуры. Мы ў сваю чаргу зробім пераклады на беларускую мову. Падборкі публікацый пабачаць свет у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць», альманаху «Далягляды». З Саюза пісьменнікаў Узбекістана нам дапамагаюць празаік і публіцыст, аўтар кнігі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі Кучкар Наркабіл, супрацоўнік СП Узбекістана Рысалат Хайдарава. Яны не аднойчы гасцявалі ў Беларусі, шмат рабілі і працягваюць рабіць для развіцця беларуска-узбекскіх літаратурных сувязяў. А восенню мы правядзём у Доме літаратара вечар, прысвечаны паэтам розных народаў, якія загінулі ў Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.
Мікола БЕРЛЕЖ