На Тайвані ў Мастацкім музеі Кілунга прыбіральшчык выпадкова сапсаваў твор сучаснага мастацтва, вырашыўшы, што ён проста мае патрэбу ў прыборцы. Пра гэта паведамляе «Правила жизни».
Работа была прадстаўлена ў рамках выставы «Мы — гэта я», прысвечанай тэме трансфармацыі і ідэнтычнасці ў эпоху візуальнай культуры. Экспанат пад назвай Inverted Syntax — 16, створаны мясцовым мастаком Чэнь Сун-чы, уяўляў сабой пакрытае пылам люстэрка, устаноўленае на драўлянай дошцы і часткова абцягнутае сеткаватай тканінай. Мастак выкарыстоўваў пыл і размазанае адлюстраванне як метафару вобраза і культурнай свядомасці сярэдняга класа.
Аднак падчас вячэрняга абыходу супрацоўнік прыборкі вырашыў, што люстэрка проста стала брудным, і акуратна працёр яго. У выніку асноўная канцэпцыя работы была поўнасцю страчана. Калегі заўважылі тое, што адбывалася, і паспрабавалі спыніць прыбіральшчыка, але было ўжо занадта позна.
Бюро культуры і турызму Кілунга звязалася з мастаком, прынесла прабачэнні і пачало перагаворы аб кампенсацыі ўрону. Таксама ідуць абмеркаванні са страхавой кампаніяй музея. Па словах юрыста Цай Чыа-хаа, кампенсацыя «будзе залежаць ад канкрэтных умоў поліса», паколькі гаворка ідзе не аб наўмысным пашкоджанні, а аб памылковай прыборцы.