Top.Mail.Ru
231

У «Трасцянцы» адкрылі памятны знак, прысвечаны ахвярам генацыду

Раней падобныя мемарыялы з’явіліся ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, а 16 верасня, напярэдадні Дня народнага адзінства, памятны знак адкрылі ў сталіцы, на тэрыторыі былога лагера смерці. Гэта сімвалізуе адно: наша краіна не толькі памятае, але і робіць усё для таго, каб трагедыя мінулага больш ніколі не паўтарылася. 



Міністэрства культуры пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры правяло рэспубліканскі конкурс на стварэнне помніка, які б сімвалізаваў генацыд беларускага народа. Перамог тандэм скульптара Івана Казака і архітэктара Віктара Рыбакова з памятным знакам «Дрэва жыцця». Кампазіцыя адлюстроўвае рукі, якія цягнуцца з зямлі. 

TMAT4474_1.jpg

Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір КУХАРАЎ на адкрыцці памятнага знака падкрэсліў, што кожны чалавек мае права на жыццё. «Ворагі, якія прыйшлі, паставілі перад сабой мэту знішчыць беларускі народ проста за тое, што ён ёсць, каб не засталося памяці. Людзі тут не шукалі чужой зямлі, гадавалі дзяцей, будавалі планы на жыццё, марылі пра будучыню. Усё гэта раптоўна было перакрэслена. На гэтым месцы загінулі людзі, якія павінны былі жыць. Памяць пра іх назаўжды павінна застацца ў нашых сэрцах», — са шкадаваннем падсумаваў ён. 

Да адкрыцця помніка таксама далучыўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён здзейсніў малітву аб ахвярах генацыду і асвяціў знак. «Сёння на гэтым месцы цішыня і мір. Разам з тым узнікаюць перажыванні пра тое, як тут магло мець месца такое вялікае злачынства супраць чалавечнасці. Людзі, якія ўнутры душы сваёй пераступалі праз духоўны закон, пакладзены Творцам, імкнуліся ўзвысіцца над іншымі краінамі, народамі, заняволіць іх, — звярнуўся Мітрапаліт да прысутных. — Напярэдадні Дня народнага адзінства мы адкрываем памятны знак. Няхай наша памяць злучаецца з прасвяднай малітвай аб памерлых і заахвочвае да таго, каб захоўваць мірнае неба над нашай зямлёй, дапамагаць адзін аднаму».

TMAT4237_1.jpg

Як адзначыў намеснік генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей СТУК, згодна з заканадаўствам Беларусі магчыма выносіць прыгаворы ў дачыненні да карнікаў, якія даўно памерлі, а некалькі спраў ужо было разгледжана Вярхоўным Судом, былі вынесеныя прыгаворы. «Гэта робіцца не дзеля таго, каб варушыць мінулае. Мы павінны даць прававую ацэнку карнікам, якія здзекаваліся з нашага народа. Парадокс: у некаторых краінах гэтым нацыстам ставяць помнікі, яны славяцца як барцы за нацыянальна-вызваленчы рух. А мы ставім помнікі іх ахвярам», — заўважыў намеснік генеральнага пракурора. 

Пракурор горада Мінска Алег ЛАЎРУХІН у сваю чаргу расказаў гісторыю з’яўлення такіх памятных знакаў у Беларусі. Паводле яго слоў, на першых этапах расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа сталі выкрывацца сапраўдныя маштабы трагедыі і ахвяр, якія перанесла краіна ў гады Другой сусветнай вайны. Да распачынання крымінальнай справы лічылася, што насельніцтва Беларусі панесла страты не больш за два мільёны чалавек. Аднак на сёння вядома, што яны склалі тры мільёны. У сувязі з гэтым Генеральнай пракуратурай на ўзроўні ўрада, Прэзідэнта было ініцыявана пытанне аб разглядзе ўвекавечання памяці ахвяр генацыду ў кожным рэгіёне краіны. «Больш знакавага і журботнага месца для беларусаў, чым Трасцянец, напэўна, няма, — сказаў Алег Лаўрухін. — На ўсёй постсавецкай прасторы гэта найбуйнейшы лагер смерці».

TMAT4222_1.jpg

Аддаць даніну павагі героям, якія ваявалі за магчымасць жыць пад мірным небам, прыехаў вучань сталічнай сярэдняй школы № 143, выхаванец ваенна-патрыятычнага клуба «Зубр» Ілья КАРЧУН. Вялікая Айчынная вайна не абышла і яго сям’ю: «Па мамінай і татавай лініях прапрадзеды ваявалі і атрымлівалі за раненні медалі — «За адвагу», Ордэн Чырвонай Зоркі, а таксама медаль «За ўзяцце Берліна», — падзяліўся юнак. 

Яна ВАЛАСАЧ

Чытайце таксама: Памятны знак ахвярам генацыду адкрыюць у Магілёве

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю