Увага ўсяго свету была прыкавана да падзей нядаўніх дзён: у канцы тыдня ў Стамбуле прайшоў першы раунд перагавораў аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу, а ў панядзелак адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з калегам з ЗША Дональдам Трампам. Ці стане гэта рэальным пачаткам мірнага ўрэгулявання канфлікту?
Ліквідаваць першапрычыны крызісу
Увесь свет, без перабольшання, замёр у чаканні вынікаў гэтай размовы. І трэба сказаць, пазітыўныя сігналы зыходзяць ад абодвух бакоў.Са слоў расійскага лідара, размова доўжылася больш за дзве гадзіны.
— Яна была вельмі змястоўнай і адкрытай. І ў цэлым, на мой погляд, у гэтай сувязі вельмі карыснай, — прыводзіць ацэнку Уладзіміра Пуціна інфармагенцтва БелТА.Расійскі лідар падзякаваў прэзідэнту ЗША за падтрымку ў аднаўленні прамых перагавораў паміж Расіяй і Украінай наконт магчымага заключэння мірнага пагаднення, аднаўлення перагавораў, якія былі перапынены ўкраінскім бокам у 2022 годзе.
Падчас размовы Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія выступае за мірнае ўрэгуляванне крызісу.
— Прэзідэнт Злучаных Штатаў выказаў сваю пазіцыю наконт спынення баявых дзеянняў, перамір’я. Са свайго боку адзначыў таксама, што і Расія выступае за мірнае ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу. Мы павінны проста вызначыць найбольш эфектыўныя шляхі руху да міру, — адзначыў кіраўнік расійскай дзяржавы.Ён таксама растлумачыў расійскую пазіцыю па магчымым мірным пагадненні і спыненні агню:
— Дамовіліся з прэзідэнтам Злучаных Штатаў аб тым, што Расія прапануе і гатовая працаваць з украінскім бокам над мемарандумам з нагоды магчымага будучага мірнага дагавора з вызначэннем шэрага пазіцый, такіх як, напрыклад, прынцыпы ўрэгулявання, тэрміны магчымага заключэння мірнага пагаднення і гэтак далей, уключаючы і магчымае спыненне агню на пэўны час у выпадку дасягнення адпаведных дамоўленасцяў.Уладзімір Пуцін звярнуў увагу на той факт, што кантакты паміж удзельнікамі сустрэчы і перагавораў у Стамбуле аднавіліся.
— І гэта дае падставы меркаваць, што мы ў цэлым на правільным шляху, — падкрэсліў ён.
Расійскі лідар таксама акцэнтаваў, што для Расіі галоўнае — ліквідаваць першапрычыны гэтага крызісу.
У сваю чаргу Дональд Трамп верыць у імкненне Уладзіміра Пуціна да міру ва Украіне. Амерыканскі лідар пацвердзіў гэта, адказаўшы на некалькі пытанняў журналістаў пасля заканчэння цырымоніі падпісання аднаго з новых законапраектаў ЗША, піша ТАСС.
Як перадае прэс-пул амерыканскага прэзідэнта, Трамп сцвярджальна адказаў на два пытанні: «Ці лічыць ён, што Пуцін хоча міру?» і «Ці можа Папа Рымскі Леў XІV садзейнічаць як пасрэднік урэгуляванню канфлікту ва Украіне?».
— Так, лічу, — гаворыцца ў справаздачы дзяжурнага па пуле.
Свет стаў больш бяспечным
Міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязяў Венгрыі Петэр Сіярта заклікаў еўрапейскіх палітыкаў не перашкаджаць перагаворам Расіі, Украіны і ЗША аб урэгуляванні ўкраінскага канфлікту. Кіраўнік МЗС прызнаў, што гэтыя перагаворы будуць цяжкімі, але выказаў надзею на іх поспех і дасягненне міру, паведамляе ТАСС.Сіярта адзначыў, што нядаўна «аднавіліся прамыя перагаворы паміж Амерыкай і Расіяй, а таксама паміж Расіяй і Украінай». «Свет стаў больш бяспечным месцам», — напісаў ён у адной з сацсетак.
— У той жа час усе разумеюць, што перагаворы аб міры будуць цяжкімі, таму мы заклікаем Брусель і еўрапейскіх палітыкаў, якія на працягу трох гадоў кідаліся на нас з нападкамі з-за нашай міралюбнай пазіцыі, не перашкаджаць поспеху перагавораў аб міры! Са свайго боку мы будзем падтрымліваць мірныя намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і спадзяёмся, што перагаворы аб міры як мага хутчэй прывядуць да спынення агню і ўсёабдымнага мірнага пагаднення па Украіне, — падкрэсліў Сіярта.
«Вуліца з двухбаковым рухам»: эксперты — пра значэнне тэлефоннай размовы двух лідараў
Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:
— Размова Пуціна з Трампам сведчыць, што Расія сур’ёзна настроена на раўнапраўны і канструктыўны дыялог. Расія заўсёды прапаноўвала перагаворы. Гэта было і ў 2014 годзе, падчас Мінскіх пагадненняў, пасля пачатку СВА, потым у Стамбуле. Хто сарваў усе перагаворы? Захад. І сёння такая ж гісторыя. Расія гатовая дамаўляцца з улікам нацыянальных інтарэсаў і прычын канфлікту.Аляксандр Шпакоўскі, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах:

— Сам факт дыпламатычнага дыялогу, тым больш камунікацыі на вышэйшым узроўні, можна толькі вітаць. Натуральна, даваць нейкія прагнозы будзе дастаткова некарэктна. І трэба сказаць, гэта вуліца з двухбаковым рухам. Што значыць: як адзін, так і другі бок дэманструюць імкненне знайсці кампраміс і дамовіцца аб параметрах мірнага ўрэгулявання ўзброенага канфлікту ва Украіне.
У тэму
Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі — аб выніках перагавораў Расіі і Украіны ў СтамбулеНаталля Эйсмант пракаментавала ТАСС вынікі перагавораў Расіі і Украіны ў Стамбуле, паведамляе БелТА.
— У Стамбуле завяршыліся перагаворы дэлегацый РФ і Украіны. Бакі, у прыватнасці, дамовіліся аб абмене палоннымі па формуле 1000 на 1000.Як у Мінску могуць пракаментаваць вынікі сустрэчы дэлегацый?
— Пра вынікі перагавораў. Першае. Іншых вынікаў мы і не чакалі. Перагаворы, іх першы раунд, на шчасце, адбыліся і мелі хоць нейкі вынік. Па-другое. У цэлым у ацэнцы вынікаў гэтага раунда мы згодныя з амерыканцамі: гэта, безумоўна, пакуль тактычны, але поспех кіраўніцтва Расіі.— Ці гатовая Беларусь арганізаваць у сябе новы раунд перагавораў, калі РФ і Украіна пра яго дамовяцца?
— Што датычыцца магчымай арганізацыі наступных раундаў перагавораў. Я падкрэслю галоўнае: Беларусь ніколі не напрошвалася на ролю пасрэдніка — ні раней, ні цяпер. Гэта наша прынцыповая пазіцыя. Але калі ў імя міру ў нашых суседзяў, у нашай брацкай Украіне, будзе неабходна, і з гэтым будуць згодныя ўсе бакі, мы арганізуем працэс так, як не арганізуе ніводная іншая краіна. Найперш таму, што гэта напрамую датычыцца і будучыні Беларусі.