Top.Mail.Ru
187

У Цэнтрвыбаркаме пачалі падрыхтоўку да новага электаральнага перыяду

Сярод прыярытэтаў — работа з насельніцтвам і моладдзю па павышэнні прававой культуры.


24 верасня ў Мінску прайшло пасяджэнне Цэнтрвыбаркама, на якім былі абмеркаваны пытанні работы ў міжэлектаральны перыяд, у прыватнасці аналіз папярэдніх выбарчых кампаній, вывучэнне і абагульненне паведамленняў з месцаў па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства і выбарчай сістэмы, а таксама функцыянаванне і падрыхтоўка выбарчай сістэмы да новага электаральнага перыяду 2029-2030 года. 

У верасні завяршаецца беларускае старшынства ў Кансультатыўным савеце кіраўнікоў выбарчых органаў краін СНД. Старшыня ЦВК Ігар КАРПЕНКА падвёў яго вынікі, назваўшы прыярытэтнымі кірункамі работы забеспячэнне электаральнага суверэнітэту краін-удзельніц, пытанні прававой асветы грамадзян і моладзі ў галіне выбарчага права і тэхналогій, навучанне арганізатараў выбараў. 

— Перш за ўсё мы падзяліліся найлепшымі методыкамі навучання патэнцыяльных арганізатараў выбараў. На базе Акадэміі кіравання пры яе актыўным удзеле падрыхтавалі вучэбна-метадычны комплекс і выпусцілі вучэбна-метадычны дапаможнік — адзіны пакуль на нашай прасторы. Акрамя таго, сфарміравалі рабочую групу, якая будзе працаваць у галіне маладзёжнай палітыкі ў электаральнай сферы і ўключылі ў яе састаў двух нашых прадстаўнікоў. Першае яе пасяджэнне ў анлайн-фармаце пройдзе ў рамках пасяджэння Кансультатыўнага савета ў Казахстане ў кастрычніку бягучага года, — расказаў Ігар Карпенка. 

Важным завяршальным этапам старшынства стане ІІ Міжнародны электаральны форум, які Мінск прыме 8-9 кастрычніка. Запланавана навукова-практычная канферэнцыя, якая будзе праводзіцца ўжо ў трэці раз. Акрамя гэтага, пройдзе пасяджэнне маладзёжнага круглага стала. Адбудзецца дыялогавая пляцоўка з удзелам кіраўніцтва ЦВК і Міністэрства адукацыі. Таксама пройдзе панэльная дыскусія «Духоўна-маральныя асновы фарміравання прававой культуры падрастаючага пакалення». 

Ігар Карпенка нагадаў, што ў рамках беларускага старшынства было праведзена два пасяджэнні Кансультатыўнага савета, прынята сумесная заява, ініцыяваная ЦВК Расіі. Дакумент накіраваны на ўзаемадзеянне абедзвюх краін у галіне электаральнай палітыкі, дзе заяўлена аб недапушчальнасці знешняга ўмяшання ў электаральныя працэсы. 

— Сучасны свет паказвае, што спробы ўмешвацца ў тыя ці іншыя выбарчыя працэсы суверэнных дзяржаў не спыняюцца. Сёння мы назіраем гэта паўсюль, і шчыра кажучы, гэта выклікае трывогу, — адзначыў старшыня ЦВК. 

Беларускі электаральны вопыт цікавы на прасторы СНД яшчэ і тым, што наша краіна адной з першых замацавала паняцце электаральнага суверэнітэту ў канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. Акрамя таго, у Беларусі падыходы, якія забяспечваюць электаральны суверэнітэт нашай краіны, замацаваны заканадаўча. 

Што датычыцца навучання моладзі прававой культуры, Ігар Карпенка падкрэсліў, што традыцыйнай у нашай краіне стала алімпіяда школьнікаў у галіне выбарчага права. ЦВК падтрымлівае ініцыятыву навучальных устаноў па стварэнні клуба маладых выбаршчыкаў, а таксама правядзенне розных дыялогавых пляцовак. Цікавы ў гэтым плане вопыт Мінска, дзе ў фармаце «адкрытае веданне» праводзяцца сустрэчы з людзьмі, якія займаюцца правядзеннем выбарчага працэсу, са старшынямі тэрытарыяльных, рэгіянальных выбарчых камісій, арганізатарамі выбараў. Пры гэтым старшыня ЦВК нагадаў, што у 2029 годзе ў краіне права ўпершыню прагаласаваць атрымаюць каля 450 тысяч маладых грамадзян, — вялікая група, з якой трэба сістэмна працаваць. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю