Top.Mail.Ru

У цэнтры ўвагі — якасць жыцця людзей

На гэтым быў зроблены акцэнт падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое прайшло ў Дзяржынску.



Мерапрыемства прысвяцілі рабоце сельскіх Саветаў дэпутатаў. Удзельнікамі пасяджэння сталі члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса ўсіх узроўняў. Яны падзяліліся сваім вопытам работы па развіцці мясцовасці, якую прадстаўляюць.

Моцныя рэгіёны — прыярытэт бягучай пяцігодкі

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што ў Беларусі з 1277 Саветаў дэпутатаў 1120 — сельскія Саветы, у якіх працуюць каля васьмі тысяч дэпутатаў.

— Гэта 23 тысячы населеных пунктаў. Велізарная работа, якую праводзяць гэтыя людзі (дэпутаты мясцовых Саветаў. — «Зв.») на месцах. Яны там жывуць, працуюць, непасрэдна ведаюць тыя пытанні і праблемы, якія хвалююць нашых грамадзян. Мы разгледзелі гэтае пытанне на нашым пасяджэнні Савета. Каб не проста пачуць, як працуюць сельскія Саветы, але і зверыць падыходы ў той рабоце, якая вызначана намі ў выкананні рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. Моцныя рэгіёны — гэта прыярытэт бягучай пяцігодкі.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый ДЗЯМІДАЎ у сваім выступленні падчас пасяджэння адзначыў, што паляпшэнне ўмоў жыцця людзей і іх дабрабыту шмат у чым вызначаецца эфектыўнасцю работы органаў мясцовага самакіравання.

— Базіснымі прынцыпамі тут выступаюць здольнасць кансалідаваць патэнцыял працоўных калектываў, суб’ектаў грамадзянскай супольнасці і энергію саміх грамадзян. Віцебскі абласны Савет дэпутатаў ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці дэпутацкага корпуса, у які ўваходзяць 217 мясцовых Саветаў дэпутатаў. У мясцовых Саветах дэпутатаў 

Віцебскай вобласці цяпер ажыццяўляюць сваю дзейнасць 2138 дэпутатаў, — падкрэсліў Дзмітрый Дзямідаў.

Ключавым кірункам дзейнасці дэпутацкага корпуса, па яго словах, працягвае заставацца работа па павышэнні якасці гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці:

— Дэпутаты актыўна ўзаемадзейнічаюць з прадстаўнікамі выканаўчай улады, што дае магчымасць аператыўна вырашаць праблемы, — дадаў ён. — На асаблівым кантролі — матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы здароўя, даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі, лекавае забеспячэнне і ўкамплектаванасць кадрамі, умовы працы медыцынскага персаналу.

Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва непарыўна звязана з комплексным развіццём сельскіх тэрыторый, лічыць Дзмітрый Дзямідаў:

— Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў у маі 2026 года праведзены першы абласны форум «АграСтарт. Тэрыторыя магчымасцяў». Мэтай дадзенага мерапрыемства стала прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да пытанняў развіцця сельскіх тэрыторый. Мы ўбачылі, што гэты кірунак цікавы людзям.

У мэтах замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах сёлета ў жніўні дэпутатамі абласнога Савета падтрымана ініцыятыва кіраўнікоў сектара АПК аб павышэнні штомесячнай выплаты маладым спецыялістам у сельскагаспадарчай галіне. Такім чынам, на працягу трох гадоў маладым спецыялістам, якія з’яўляюцца выпускнікамі сельскагападарчых ВНУ і заключылі з наймальнікам кантракт тэрмінам на пяць гадоў, устанаўліваецца штомесячная выплата ў памеры 1600 беларускіх рублёў. Акрамя таго, дэпутатамі мясцовых Саветаў на сістэмнай аснове ажыццяўляецца маніторынг умоў пражывання маладых спецыялістаў, якія прыбылі да першага месца працы ў сельскую мясцовасць.

Таксама намі прадоўжана практыка правядзення ў рэгіёнах выязных пасяджэнняў профільных камісій абласнога Савета, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца старшыні сельскіх Саветаў. Гэтая форма ўзаемадзеяння з дэпутатамі першаснага ўзроўню дазволіла ўстанавіць больш прадметную камунікацыю ў частцы абмену інфармацыяй і рэагавання на запыты людзей, якія пражываюць у аграгарадках і малых населеных пунктах, — падзяліўся вопытам Дзмітрый Дзямідаў.


Каб у вёсцы хацелася жыць

Старшыня Лунінецкага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір КАВАЛЕВІЧ падчас выступлення на пасяджэнні зрабіў асаблівы акцэнт на каардынуючай ролі дэпутацкага корпуса ў комплексным развіцці тэрыторый сельскіх Саветаў:

— Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь неаднаразова заяўляў, што галоўнай задачай рэгіянальнай палітыкі Беларусі з’яўляецца выраўноўванне ўзроўняў жыцця і максімальнае сціранне адрозненняў паміж сталіцай, буйнымі гарадамі, малымі населенымі пунктамі і вёскай.

Сярод асноўных праблем развіцця тэрыторый сельскіх Саветаў можна вылучыць: зніжэнне колькасці насельніцтва, міграцыю моладзі, памяншэнне абжытай прасторы. 

У сувязі з гэтым шэраг стратэгічных нарматыўных дакументаў Рэспублікі Беларусь вызначае задачы развіцця сельскіх тэрыторый як стварэнне камфортных умоў жыцця ў сельскай мясцовасці. Пэўная роля ў гэтым працэсе належыць і дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У прыватнасці, у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці гэтыя задачы вырашаюцца комплексна, падкрэсліў Уладзімір Кавалевіч:

— Орган выканаўчай улады рэгулюе працэсы сельскай эканомікі, клапоціцца пра рост буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак, а Саветы дэпутатаў забяспечваюць развіццё сельскага жыцця праз павышэнне добраўпарадкавання сацыяльнай інфраструктуры, уцягванне насельніцтва ў грамадскую дзейнасць. Асноўнай задачай развіцця тэрыторыі мы бачым яе добраўпарадкаванасць, захаванне лагістыкі і сацыяльнага асяроддзя. Гэта трэба, каб прыцягнуць не толькі моладзь, але і гарадское насельніцтва для працы і жыцця ў вёсцы.

Для сістэматызацыі і аналізу работы Лунінецкім раённым Саветам дэпутатаў распрацаваныя крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці органаў мясцовага самакіравання першаснага ўзроўню, дадаў ён.

— На працягу года фіксуецца, што робіцца ў сельскіх Саветах у межах дэпутацкай кампетэнцыі па наступных раздзелах: добраўпарадкаванне і ўтрыманне тэрыторый населеных пунктаў, утрыманне і эксплуатацыя жыллёвага фонду, рэгуляванне распаўсюджвання інвазіўных раслін, ліквідацыя патэнцыяльна небяспечных аб’ектаў, утрыманне месцаў пахавання воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны, помнікаў, абеліскаў, утрыманне месцаў пахавання, работа з насельніцтвам, мясцовы бюджэт, інфармаванне насельніцтва. Па кожным з раздзелаў вызначаны віды работ, па якіх прысвойваецца або здымаецца бал. Аналіз гэтых даных у выніку за шэраг гадоў у сукупнасці з паказчыкамі эканамічнага развіцця дазваляе выявіць тэрыторыі, якія найбольш або найменш актыўна развіваюцца. Напрыклад, дынамічнае развіццё тэрыторый Лунінскага,

Дварэцкага і Вулькаўскага сельскіх Саветаў спалучана з адпаведным развіццём сельскагаспадарчых арганізацый у гэтай мясцовасці. Пры падвядзенні вынікаў работы ставім перад сабой некалькі задач: выяўленне праблемных пытанняў і планаванне сродкаў на чарговы год для выканання работ.


Каштоўнасць народных ініцыятыў

Старшыня Пратасаўскага сельскага Савета дэпутатаў Акцябрскага раёна Аксана ГАЛЧЫНСКАЯ ў сваім выступленні зрабіла акцэнт на грамадзянскіх ініцыятывах.

— Сельскі Савет мае невялікую колькасць насельніцтва — 850 чалавек, якія пражываюць у 12 населеных пунктах. Тут жывуць людзі, якія памятаюць сваю гісторыю і ганарацца ёй. На тэрыторыі сельскага Савета размешчана 15 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У нас багатая гісторыя, але падзеі Вялікай Айчыннай вайны і сёння жывуць у нашых сэрцах. Пры гэтым жыхароў заўсёды аб’ядноўвала жаданне расказаць пра ўнікальныя падзеі ваеннай гісторыі, перадаць маладому пакаленню гістарычную праўду, гонар за гераізм продкаў, а таксама захаваць гістарычную памяць.

Гэта, паводле яе слоў, лягло ў аснову стварэння грамадзянскай ініцыятывы «Памяць вогненных гадоў». На агульным сходзе жыхары сельскага Савета падтрымалі гэтую ініцыятыву, падалі заяўку — і выйгралі. Як падкрэсліла Аксана Галчынская, поспех работы па абароне гістарычнай памяці натхніў сельсавет на стварэнне комплекснага гісторыка-турыстычнага аб’екта «Памяць вогненных гадоў».


Дарэчы

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў размове з журналістамі падкрэсліла, што грамадзянскія ініцыятывы сёння нездарма называюць народнымі праектамі.

— Сёння рэалізавана вельмі шмат грамадзянскіх ініцыятыў. У Гомелі не першы раз праходзіў форум такіх ініцыятыў, а ў 2027 годзе ў Гродне мы запланавалі правесці Рэспубліканскі форум грамадзянскіх ініцыятыў. Шчыра ўдзячныя Прэзідэнту нашай краіны за тое, што ён падтрымаў гэтую прапанову дэпутацкага корпуса Беларусі.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю