У мінулым годзе ў Ашхабадзе ў знак 300-годдзя з дня нараджэння класіка туркменскай і сусветнай паэзіі Махтумкулі быў адкрыты 60-метровы помнік творцу. Побач разбілі алею ў знак памяці класікаў нацыянальных літаратур іншых краін. На алеі быў усталяваны і помнік народнаму паэту Беларусі Янку Купалу. Аўтар працы — народны мастак Туркменістана, двойчы лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Махтумкулі. Ганаровы старэйшына туркменскага народа Сарагт Бабаеў.
Сёлета ў Ашхабадзе ідзе падрыхтоўка да выдання кнігі твораў Янкі Купалы ў перакладзе на туркменскую мову. «Гэта праца, — расказвае паэт, перакладчык, супацоўнік газеты „Эдэбіят ве сунгат“ Мерэт Ягмыраў, — патрабуе асаблівай напружанасці. Купалу туркменскі чытач ведае і па ранейшых перакладах на мову Махтумкулі. Першая кніга народнага песняра Беларусі ўбачыла свет у Ашхабадзе ў 1941 годзе.
Перакладчыкі — Берды Кербабаеў і Ата Ніязаў. Творы Купалы пасля перакладалі на туркменскую мову Рухі Аліеў, Дурды Халдурды, Чары Ашыраў, Мамед Сейідаў, Анна Кавусаў, Ахмет Курбанняпесаў, Аналі Бердыеў. Таўшан Эсенава... Але гэта ўсё праца мінулых часін. Развіваецца мова, развіваецца літаратура, перакладчыцкая справа... І наспела патрэба, каб Купала загаварыў з туркменскім чытачом на сучаснай мове.
Гэтым і выкліканы клопат па стварэнні і выданні ў Ашхабадзе новай кнігі беларускага класіка».
Выданню новай туркменскай кнігі Янкі Купалы будуць папярэднічаць публікацыі перакладаў яго твораў і ў газеце «Эдэбіят ве сунгат», і на старонках літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных часопісаў «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») і «Гарагум» («Каракум»).
Сяргей Шычко