Top.Mail.Ru

У Тыране школьнікі байкатавалі заняткі і далучыліся да студэнцкіх пратэстаў

У сталіцы Албаніі Тыране навучэнцы некалькіх сярэдніх школ байкатавалі заняткі і далучыліся да студэнцкіх акцый пратэсту. Пра гэта паведамляе БелТА.


Акрамя таго, школьнікі і студэнты ў іншых гарадах краіны аб’явілі аб байкатаванні заняткаў у знак падтрымкі пратэснай акцыі, якая праходзіць у албанскай сталіцы. У горадзе Корча таксама было абвешчана аб правядзенні пратэсту. 

Як паведамляе агенцтва ATA, 15 кастрычніка студэнты ўніверсітэтаў і старшых класаў сабраліся каля будынка Міністэрства адукацыі. У самым пачатку акцыі пратэсту маладыя людзі закідалі камянямі будынак ведамства. Паліцыя ў адказ прымяніла слёзатачывы газ для іх разгону. На вуліцы Дурэс пратэстоўцы зрывалі дарожныя знакі, вырывалі брусчатку і кідалі яе ў паліцэйскіх. У выніку сілавікі выкарысталі вадамёты. Паведамляецца, што паліцыя пачала затрыманні.

У Тыране ўжо не першы дзень праходзіць студэнцкая антыўрадавая акцыя пратэсту. 14 кастрычніка яна перарасла ў сутыкненні з паліцыяй. Пратэстоўцы ішлі па вуліцах сталіцы ў бок офіса прэм’ер-міністра. Па дарозе яны разбівалі камеры відэаназірання, святлафоры, вокны і рэкламныя шыльды. Таксама дэманстранты грамілі крамы і спрабавалі штурмаваць шэраг урадавых будынкаў. Пратэстоўцы паспрабавалі закінуць кактэйлі Молатава ў будынак канцылярыі прэм’ер-міністра, але былі спыненыя паліцыяй. Для разгону натоўпу супрацоўнікі праваахоўных органаў прымянілі слёзатачывы газ і вадамёты. Паводле афіцыйных звестак, падчас учарашняй акцыі пратэсту медыцынскую дапамогу атрымалі 89 чалавек, з іх 61 — паліцэйскія.

Паводле інфармацыі партала SYRI.net, удзельнікі пратэснай акцыі запатрабавалі ад прэм’ер-міністра краіны Эдзі Рамы падаць у адстаўку да 13.00 па мясцовым часе 15 кастрычніка (14.00 па мінскім часе). Дэманстранты папярэдзілі, што калі ён не выканае іх умову, то яны выступяць перад адміністрацыяй прэзідэнта з патрабаваннем роспуску парламента.

Як раней паведамляла агенцтва ATA, пратэстоўцы патрабуюць паляпшэння ўмоў ва ўніверсітэтах, зніжэння кошту вышэйшай адукацыі, большай фінансавай падтрымкі студэнтаў і паляпшэння перспектыў працаўладкавання пасля заканчэння вучобы. Яны таксама выстаўляюць і шэраг палітычных патрабаванняў, у прыватнасці адстаўкі ўрада.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю