У Валгаградзе адбылася двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкi i Уладзiмiра Пуцiна

30.04.2025 | 16:20
«Усе нашы рашэннi накiраваны на адзiнства нашых народаў»



Аляксандр Лукашэнка падзякаваў свайму расiйскаму калегу за магчымасць наведаць Валгаград (Сталiнград), дзе беларускi лiдар быў i ў савецкiя часы, i ўжо будучы Прэзiдэнтам. «Уражальнае месца, без дрыжыкаў тут немагчыма, — кажучы аб Мамаевым кургане, адзначыў кiраўнiк дзяржавы. — Я сапраўды вельмi пранiкся ў свой час. Я ўсё-такi гiсторыю вывучаў, ведаю, як тут людзi змагалiся... Калi стаiш каля гэтага манумента — гэта грандыёзная рэч, не перадаць. Таму я вам удзячны, што, дзякуючы вашаму запрашэнню, я зноў тут, на нашай святой зямлi, дзе i беларусы, i рускiя, i ўсе народы Савецкага Саюза насмерць стаялi».

«Мы павiнны зрабiць усё для таго, каб нашы адносiны ў Айчыне былi яшчэ больш шчыльныя»

Прэзiдэнт нагадаў: у Беларусi, акрамя шэсця «Бессмяротнага палка», што праводзiцца па iнiцыятыве Расii, у рамках якога ў якасцi сiмволiкi выкарыстоўваецца георгiеўская стужка, наша моладзь раней iнiцыявала штогадовую акцыю «Беларусь памятае». Абодва мерапрыемствы ладзяцца паралельна.

«Калi вы адкрывалi шэсце „Бессмяротны полк“, мы ў Беларусi гэтым шляхам пайшлi, — канстатаваў беларускi лiдар. — Але моладзь паралельна з георгiеўскiмi стужкамi i шэсцем палка (iнiцыявала акцыю. — „Зв.“) „Беларусь памятае“. I нiхто не забараняе нi ў якiм разе георгiеўскiя стужкi, хоць я пацiкавiўся гiсторыяй. Раю: вось вазьмiце, няхай вам дадуць гiсторыкi ўсю iнфармацыю пра георгiеўскую стужку. Мы гэта не адмаўляем. Хоць своеасаблiвая ўсё ж гiсторыя гэтай георгiеўскай стужкi».

Прэзiдэнт падкрэслiў, што нiчога дрэннага не бачыць у дадзеным сiмвале. «Хтосьцi хоча георгiеўскую стужку, хтосьцi хоча „Беларусь памятае“ — гэтыя знакi (сiмволiка акцыi. — „Зв.“) разам iдуць, — звярнуў увагу ён. — Нiхто там нiчога не дзелiць. Ну, камусьцi ж трэба пашумець».

Прэзiдэнт Беларусi параiў расiйскаму калегу не звяртаць увагi на асобныя негатыўныя выказваннi наконт гэтага. «У нас iдэя абсалютна аднолькавая, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы нашы iдэi ведаеце, мы ведаем расiйскiя iдэi. Гэта адна Айчына, як я кажу, ад Брэста да Уладзiвастока».

У сваю чаргу, Уладзiмiр Пуцiн пагадзiўся, што сiмвалы могуць быць крыху рознымi, але важна iншае — тое, што стаiць за гэтымi сiмваламi.

«Сутнасць», — падтрымаў калегу Аляксандр Лукашэнка.

«За гэтымi сiмваламi стаiць наша агульная гiсторыя, наша сучаснасць i наша будучыня. А яна ў нас — агульная. Дзякуй вам вялiкi за такую пазiцыю», — сказаў Уладзiмiр Пуцiн.

Беларускi лiдар адзначыў: так адбылося, што Савецкi Саюз распаўся, утварылiся дзве суверэнныя дзяржавы. «I ўсе мы павiнны зрабiць усё для таго, каб нашы адносiны ў Айчыне былi яшчэ больш шчыльныя, чым ва ўнiтарнай дзяржаве, — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. — I мы з вамi нямала ў гэтым зрабiлi. Я ўпэўнены, нашы дзецi, iншыя пакаленнi яшчэ ацэняць, што мы тут робiм. Нам няпроста: i злева, i справа нас „бамбяць“. Нашы ўсе рашэннi накiраваны на адзiнства нашых народаў, што вельмi важна напярэдаднi гэтай светлай даты (Дня Перамогi. — „Зв“.)».

Па словах Аляксандра Лукашэнкi, няхай нiхто не здзiўляецца, што два лiдары часта сустракаюцца. «Мы ж нi ад кога не адпiхваемся, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.— Мы гатовы прымаць. Калi Эмамалi Шарыпавiч (Прэзiдэнт Таджыкiстана Эмамалi Рахмон. — „Зв.“) пагадзiўся прыехаць да нас у вёску, калi мы ў сакавiку сустракалiся (размова аб нефармальнай гутарцы пасля мерапрыемстваў афiцыйнага вiзiту Прэзiдэнта Беларусi ў Расiю. — „Зв.“), — з задавальненнем пасядзелi, паразмаўлялi. Агульныя пытаннi. Прыязджайце — будзем разам размаўляць i будаваць нашы адносiны».

Кiраўнiк дзяржавы падзякаваў свайму расiйскаму калегу за запрашэнне прысутнiчаць на парадзе на Краснай плошчы ў Маскве 9 Мая. «Мы не маглi не прыехаць, — сказаў ён. — Вы ведаеце, што мы едзем спачатку на Красную плошчу, потым праводзiм парад у сябе ў Беларусi. Нiчога, што мы, дзве дзяржавы, два Прэзiдэнты, прыхiльныя гэтаму. Нам не цесна, нам не сумна, мы робiм сваю справу. Калi ласка, хто хоча — няхай далучаецца».

Беларускi лiдар пагадзiўся з Уладзiмiрам Пуцiным, якi сказаў, што памiж Прэзiдэнтамi склалася добрая традыцыя, каб i падагнаць нашы ўрады, i задаць пэўны трэнд у нашых адносiнах, i вырашыць пэўныя пытаннi, якiя не вырашаюцца ўрадамi. «Мы рэгулярна сустракаемся, — канстатаваў кiраўнiк дзяржавы. — Удзячны вам за тое, што мы часта стэлефаноўваемся, абмяркоўваючы тэрмiновыя пытаннi. У нас сапраўды агульнае разуменне ўсяго працэсу развiцця, парадак мiжнародных адносiн у нас абсалютна падобны. Тут няма чаго казаць, мы гэта не хаваем, не круцiм там, не верцiм».

«Гэта вельмi важна перш за ўсё для эканомiкi, лагiстыкi»

Прэзiдэнт Расii выказаў удзячнасць беларускаму калегу за прыезд на свяшчэнную Сталiнградскую зямлю напярэдаднi 80-годдзя Перамогi ў Вялiкай Айчыннай вайне. «Вельмi разлiчваем бачыць вас у Маскве ў дзень асноўных урачыстасцяў 9 Мая, — сказаў расiйскi лiдар. — Ведаю, што вы прынялi рашэнне аб тым, каб ваш парадны разлiк таксама прайшоў па Краснай плошчы. Дзякуй вам вялiкi».

Уладзiмiр Пуцiн звярнуў увагу на тое, што ў двух лiдараў ёсць магчымасць i ў фармальнай, i ў нефармальнай абстаноўцы пагаварыць па бягучых справах. «Iх у нас вельмi шмат, — адзначыў Прэзiдэнт Расii. — Дастаткова сказаць, што толькi ў сферы гандлёва-эканамiчных сувязяў у нас вынiкi проста выдатныя — звыш 50 млрд долараў гандлёвы абарот. Па вашых статданых, нават крыху большы».

Уладзiмiр Пуцiн заявiў аб неабходнасцi абмеркаваць далейшае развiццё i пашырэнне прамысловай кааперацыi памiж дзвюма краiнамi, у тым лiку за кошт сумеснай работы ў сферы авiябудавання, стварэння беспiлотных лятальных апаратаў. «Хачу вам расказаць, якiя ёсць прапановы. Мы гатовы ўжо закласцi завод разам з вашымi спецыялiстамi i адпаведную лабараторыю па беспiлотыi. Гэта вельмi важна перш за ўсё для эканомiкi, лагiстыкi. У нас ёсць дамоўленасцi па авiябудаваннi. Вам удалося захаваць частку авiяцыйнай прамысловасцi. Тут ёсць таксама над чым працаваць. I невялiкi самалёцiк, i кааперацыя па сярэднемагiстральных самалётах. Таксама па iншых кiрунках пагаворым. Урады працуюць над гэтымi пытаннямi ўвесь час. Мы з вамi ў курсе, пра што калегi дамаўляюцца», — звярнуў увагу расiйскi лiдар.

Паводле прэс-службы Прэзiдэнта Беларусi

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю