Top.Mail.Ru

У Валожыне выбіраюць «Уладара сяла — 2025»

Аб самых смачных драніках і самых моцных сем’ях.


Яркія эмоцыі, непаўторныя ўражанні, шмат песень, танцаў і пачастункаў — такая атмасфера панавала на Мінскім абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага пректа «Уладар сяла — 2025». Сёлета кропкай прыцягнення маладых сем’яў стаў горад Валожын. Сам жа конкурс стаў сапраўдным святам сямейных традыцый, магчымасцю для маладых людзей гучна заявіць пра сябе. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся бліжэй з вясковымі сем’ямі — гарантамі харчовай бяспекі краіны і высветлілі падрабязнасці. 

Праект «Уладар сяла» праводзіцца з мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчай працы і побыту, а таксама павышэння ролі і значэння сям’і як найважнейшага сацыяльнага інстытута грамадства, фарміравання ў моладзі пазітыўнага стаўлення да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Акрамя таго, сямейны праект арыентаваны на прадстаўнікоў асабістых падсобных гаспадарак, фермераў і супрацоўнікаў арганізацый аграпрамысловага комплексу, размешчаных у сельскай мясцовасці, пасёлках гарадскога тыпу і гарадах раённага падпарадкавання.

1750332195736.jpg

Як паведаміла першы сакратар Мінскага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Клішэвіч, сёлета ў абласным этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» бяруць удзел 17 сем’яў з розных рэгіёнаў Міншчыны: «Вядома, усе яны перажываюць. Пры гэтым была праведзена сур’ёзная падрыхтоўка. Сем’яў чакае шэраг спаборніцкіх конкурсаў. Яны пакажуць сваю згуртаванасць, раскажуць пра свой побыт, пра свае традыцыі. Кіраўнікі сямействаў пакажуць не толькі свой мужчынскі характар, але і тое, як трэба дапамагаць сваім жонкам. Жанчыны ж пакажуць сваю гаспадарлівасць не толькі ў падрыхтоўцы страў, але і паспаборнічаюць на хуткасць забівання цвікоў. Лепшая сям’я будзе адабрана для ўдзелу на рэспубліканскім этапе конкурсу, які пройдзе ў Александрыі ў пачатку ліпеня. Там таксама будзе арганізавана досыць шырокая цікавая праграма». 

1750332195534.jpg

Міншчына традыцыйна добра прадстаўляе сямейныя традыцыі. «Я думаю, што і гэты год не стане выключэннем, — упэўніна Таццяна Клішэвіч. — Акрамя таго, з боку арганізатараў падрыхтаваны добры прызавы фонд. Гэта і жывыя прызы ад камітэта па сельскай гаспадарцы — цяля, парася і птушка. Мінскі аблвыканкама падорыць сертыфікаты на куплю тэхнікі для саду. Таксама ў нас ёсць шэраг спонсараў, якія падзяліліся сваёй прадукцыяй. Яны таксама захацелі паўдзельнічаць і заахвоціць сем’і. Пераможцы анлайн-галасавання атрымаюць ровар». 

Конкурс, як правіла, традыцыйнага фармату. «Але менавіта самі падворкі мы стараемся мяняць у адпаведнасці з пазначаным годам. То бок, у нас год 80-годдзя Перамогі і Год добраўпарадкавання, таму асноўны акцэнт будзе накіраваны на гэта», — падсумавала яна. 

1750332195481.jpg

Сярод удзельнікаў вылучалася самая шматлікая сям’я Аляхновіч з Нясвіжскага раёна, якая выхоўвае шасцярых дзяцей: пяцёра хлапчукоў і дачку: «Мы вельмі рады ўдзельнічаць у такім выдатным праекце. Многія думаюць, што жыццё ў вёсцы — гэта выміраючая тэндэнцыя. Але гэта зусім не так! Зараз маладых сем’яў хапае ў вёсках. Магчымасці ёсць, трэба толькі жаданне. Мы працуем на зямлі і жывём каля лесу. Нам вельмі добра і ніколі не бывае сумна!», — дзеліцца сваімі ўражаннямі мама Паліна.

«Мы вырошчваем агурочкі, памідоры, зеляніну ўсякую. У нас вялікі агарод — 60 сотак!», — дадаў папа Яўген. Кіраўнік сям’і расказаў, што паўдзельнічаць у сямейным конкурсе ім прапанавалі ў сельсавеце: «У нас вялікая і дружная сям’я, дзе кожны адзін за аднаго стаіць гарой. А яшчэ — асабістая падсобная гаспадарка. Толькі на гэтым і жывём, і зарабляем. Ды і ў цэлым у нашай краіне створаны ўсе ўмовы, каб добра жыць на вёсцы ды займацца фермерствам». 

Маладыя людзі прызналіся: у Валожын яны прыехалі перамагаць. «Хай будзе, што будзе! У сваю чаргу мы зробім усё магчымае, каб годна выступіць. Нам трэба будзе спавіваць макет дзіцяці, сумесна пілаваць дровы. А яшчэ я буду катаць жонку на тачцы, смажыць дранікі на вогнішчы. Упэўнены, што ў нас усё абавязкова атрымаецца!». 

Удзельнікаў чакала насычаная праграма, адметнасцю якой стаў конкурс «Візітныя карткі: Сардэчна запрашаем да нас!». У гэтым творчым спаборніцтве сем’і прадставілі свае ўнікальныя тэатралізаваныя паказы, распавядаючы пра сямейныя традыцыі, захапленні і сваіх сваякоў. Бацькі і дзеці дэманстравалі свае таленты: спявалі народныя песні, танцавалі, гралі на музычных інструментах і чыталі вершы. Адчувалася, што кожнае выступленне было напоўнена душэўнасцю і любоўю да сваёй сям’і і роднага краю.

Атмасфера свята была напоўнена дзіцячым смехам і радасцю. Усе з нецярпеннем чакалі, калі пачнуцца традыцыйныя конкурсы «Працуем у камандзе», «Па дровах» і «На ўсе рукі майстар». 

Аб самых смачных драніках і самых моцных сем’ях чытайце ў наступных нумарах «Звязды», будзе вельмі цікава!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

фота Лізаветы ГОЛАД 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю