Top.Mail.Ru

«У вас прыгожа і бяспечна». Гродзенскую вобласць наведваюць блогеры з Індыі

У верасні Беларусь наведвалі госці з Кітая. Цяпер прыйшла чарга блогераў-мільённікаў з Індыі. У Гродзенскай вобласці праграма была разлічана на два дні. Расказваем, што паказвалі гасцям і што яны думаюць пра Беларусь і Гродзеншчыну.


У першы дзень візіту блогеры пабывалі ў замкавым комплексе «Мір» і ў Палацава-паркавым комплексе «Вялікі Свяцк Валовічаў». За падарожжам блогераў назірае 45-мільённая аўдыторыя. Гэта столькі падпісчыкаў у суме ў шасцярых гасцей. Яны прафесіяналы сваёй справы і дасведчаныя вандроўцы.


На тварах гасцей чыталася непадробная цікавасць. Яны былі сапраўды ўражаныя ўбачаным, нягледзячы на тое, што ў іх за плячыма вялікі досвед вандраванняў. Напрыклад, Арбаз Кхан наведаў 39 краін, і Беларусь стала 40-й у яго спісе.


— Мяне ўразіла культура і гасціннасць беларусаў. У вас тут прыемная і прыязная атмасфера. Мірскі замак вельмі ўражальны! Мне ў цэлым вельмі цікавая гісторыя, бо я вывучаю яе ва ўніверсітэце. І мяне ўразіла тое, што замак унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Цяпер у вас усюды прыгажосць і парадак, нягледзячы на тое, што гарады пацярпелі ад вайны ў мінулым, а насельніцтва страціла мільёны людзей. Гэты факт уразіў мяне да глыбіні душы.

Прыянка Шарма апроч прыгажосцяў звярнула ўвагу на бяспеку Беларусі:

— На вуліцах я адчуваю сябе ў бяспецы. Як для дзяўчыны гэта вельмі важна для мяне. Магу спакойна хадзіць і нічога не баяцца. Таму я смела рэкамендую сваім падпісчыкам наведаць Беларусь і ўбачыць яе прыгажосць на свае вочы. Мяне ўразіла прыгожае неба і чысціня на вуліцах. У Свяцку мяне больш за ўсё ўразілі фрэскі. Іх маштаб і сувязь з антычнасцю і сюжэтамі таго часу. І асабіста для мяне аказалася прыемным сюрпрызам наяўнасць вегетарыянскай ежы, з гэтым у мяне праблем не ўзнікла.


У праграме другога дня ў гасцей таксама класныя лакацыі. Ніяк не магло абысціся без агляднай экскурсіі па каралеўскім Гродне. Блогеры прагуляліся па гістарычным цэнтры і ўбачылі яго славутасці. Мясцовая архітэктура аказалася для іх нязвыклай і незвычайнай, таму інфлюенсеры дэталёва захавалі гарадскія пейзажы на камеры, каб паказаць сваім фаловерам. Далей госці з Індыі наведваюць агратурыстычны комплекс «Каробчыцы», шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы і Лідскі замак.


Як адзначыла намеснік старшыні камітэта эканомікі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Лідзяева, на Гродзеншчыне актыўна падтрымліваюць сучасныя фарматы, таму арганізацыя тураў для замежных блогераў са шматмільённай аўдыторыяй вельмі актуальная і выкарыстоўваецца ўжо на працягу некалькіх гадоў.

— Публікацыі лідараў меркаванняў у сацсетках імгненна фарміруюць попыт на паездкі ў Беларусь і ствараюць вобраз бяспечнай, цікавай краіны. Гэта адзін з самых даступных спосабаў заявіць аб сабе. Індыйскі рынак - адзін з перспектыўных. І хоць Індыя пакуль не ўваходзіць у топ-5 краін па турпатоку, дынаміка ўражвае: усяго за 8 месяцаў уязны паток адтуль да нас вырас у 2,7 раза. За гэтым рэгіёнам будучыня. Часта думаюць, што ўвосень турыстычны сезон закрываецца. Але Гродзеншчына гатова прымаць гасцей круглы год! Для жыхароў гарачых краін (Індыі, ААЭ, Узбекістана) наша прахалодная восень ці снег зімой — гэта чыстая экзотыка. Магчымасць назіраць за чатырма сезонамі, паехаць зімой да Дзеда Мароза — рэдкае, дзіўнае ўражанне для тых, хто жыве ў гарачых краінах. Так што змена пары года не спыняе турызм, яна толькі мяняе дэкарацыі, адкрываючы нашы галоўныя перавагі.

Ініцыятарам такой формы папулярызацыі нашай краіны стала Нацыянальнае агенцтва па турызме. Сёння вандроўцы нярэдка выбіраюць туры, натхняючыся ўражаннямі і досведам іншых людзей. Найлепш гэта працуе праз відэа блогераў: яны паказваюць класныя маршруты і жывыя эмоцыі, якія хочацца перажыць самому. У праграму ўключаюць аб’екты, якія адлюстроўваюць гісторыка-культурную спадчыну, аўтэнтычнасць і самабытнасць нашай рэспублікі, а таксама падкрэсліваюць яе традыцыйную гасціннасць.


Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота "Гродзенскай праўды"

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю