У адным зборніку серыі «Бібліятэка паэзіі» аб’яднаны вершы паэтэс, жанчын, лёс якіх цесна звязаны з Віцебшчынай: тут нарадзіліся, жылі, а Галіна Загурская і зараз — жыхарка слаўнага Полацка. Укладзеныя разам іх творы і сфарміравалі зборнік «Родны край — наша сонца».
Арганізатары сустрэчы, на якую прыйшлі студэнты, гімназісты Віцебска, проста аматары паэзіі, -- Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ганаровым госцем быў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі. Прывітаўшы ўдзельнікаў імпрэзы, ён нагадаў пра багатыя мастацкія традыцыі края, пра той уклад у захаванне літаратурнай, кніжнай спадчыны, які робяць бібліятэкары. Пра серыю “Бібліятэка паэзіі” расказваў укладальнік зборніка старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп. Дарэчы, у гэтым праекце ўжо пабачылі свет кнігі Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы. Пра паэтычныя здзяйсненні нашых сучаснікаў гаварыў на пляцоўцы абласной бібліятэкі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.
І сустрэчу з сапраўднай паэзіяй, і аднаго з аўтараў зборніка вітала і кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка. Свае вершы на прэзентацыі прачытала і Галіна Загурская.
Мікола Берлеж