У Віцебскай вобласці ідзе праверка дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне, паведаміла БелТА.
У рамках раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі, якая праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта, у Віцебскай вобласці праходзіць праверка дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне. На адным з важных аб’ектаў задзейнічаны самы сучасны мабільны зенітна-ракетны комплекс «Тор».
«Зенітна-ракетнай батарэі „Тор“ са складу сіл неадкладнага рэагавання 15-й зенітна-ракетнай брыгады паступіла каманда на прыкрыццё аб’екта ў новым пазіцыйным раёне. Здзейснены марш з пункта пастаяннай дыслакацыі. Зенітна-ракетнай батарэі ў падтрымку дадзена рота Віцебскай 103-й паветрана-дэсантнай брыгады для арганізацыі аховы аб’екта. На дадзены момант працягваецца паляпшэнне ўмоў для пражывання і размяшчэння вайскоўцаў у палявым лагеры. Батарэя заступіла на баявое дзяжурства, выконвае задачы па прызначэнні», — расказаў камандзір зенітна-ракетнай батарэі «Тор» Аляксандр Гнедзька.
Ён дадаў, што ўсе забяспечаны харчаваннем, разгорнуты палявы пункт харчавання. Надвор’е вайскоўцаў радуе і палягчае выкананне задач. «Гэта мой першы марш. І хоць праверка боегатоўнасці была раптоўнай, мы былі гатовыя. Усе задачы пастаўленыя выразна. Побач з намі ёсць вопытныя таварышы, якія заўсёды дапамогуць і падкажуць, як правільна дзейнічаць. Надвор’е таксама спрыяе, ужо дастаткова цёпла», — падзяліўся сяржант 15-й зенітна-ракетнай брыгады Павел Рэцюнскі.
Акрамя таго, у раёне выканання баявой задачы па прызначэнні выкарыстоўваюцца спецыяльная тэхніка і беспілотныя лятальныя апараты.