Top.Mail.Ru

У Віцебскай вобласці цэнтрам святкавання Дня народнага адзінства стала тэрыторыя Летняга амфітэатра На карысць людзей і Радзімы

Якое ж свята без падарункаў?! Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Наваполацку завяршылі капітальны рамонт пуцеправода № 3, якому ўжо больш як 50 гадоў. Дзякуючы намаганням мостабудаўнікоў запас трываласці канструкцый павялічаны на дзесяцігоддзі, а знешні выгляд аб’екта набыў сучасныя эстэтычныя абрысы.


Даўжыня пуцеправода складае больш за 172 м, а шырыня — 18 м. У ходзе работ праведзена ўзмацненне канструкцый, поўнасцю заменены элементы маставога палатна, зманціравана новая бар’ерная агароджа і вонкавае асвятленне. Кошт работ склаў каля 6,5 млн рублёў. Рамонт пачаўся ў снежні мінулага года і завяршыўся крыху раней за тэрмін, заканчэнне работ было запланавана на 2 кастрычніка.

— Тое, што такія аб’екты будуюцца, сведчыць аб тым, што наша краіна дынамічна развіваецца. Будуюцца не толькі масты, будуюцца школы. Мы рэалізуем вялікую маштабную праграму жыллёвага будаўніцтва. А гэта сведчыць аб тым, што наша сіла — у адзінстве. І чым больш згуртаванай мы будзем, тым мацнейшай будзе наша цудоўная краіна, наша любімая Беларусь, — падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр РАГОЖНІК, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця моста.

Вельмі рады адкрыццю руху па абноўленым мосце і жыхары Наваполацка, бо раней многія з іх дабіраліся праз яго на працу.

Як адзначыла спецыяліст па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце філіяла «Наваполацкая ЦЭЦ» РУП «Віцебскэнерга» Ганна КУРАШ, адкрыццё гэтага абноўленага моста можна назваць сімвалічным:

— Напярэдадні Дня народнага адзінства мы злучаем адну частку горада з другой — прамысловай зонай, дзе мы працуем.

Акрамя таго, у Наваполацку адкрылі басейн у сярэдняй школе № 10, у Оршы — памятны знак «Расія — Беларусь. Марское брацтва непарушнае», а ў Паставах — мемарыяльную дошку ў памяць Героя Беларусі Андрэя Нічыпорчыка. У Гарадку здалі шматкватэрны дом...

У першай палове святочнага дня ў віцебскім Свята-Успенскім кафедральным саборы прайшоў малебен «За адзіную Беларусь!». Тут усе разам маліліся за мір, духоўнае яднанне, росквіт роднай зямлі. Сапраўдную асалоду прысутныя атрымалі ад спеваў мужчынскага прафесійнага царкоўнага хору «Усіхсвяцкі».

17 верасня ва ўсіх кутках Віцебшчыны праходзілі мітынгі, канцэрты, выстаўкі, спартыўныя спаборніцтвы і іншыя святочныя мерапрыемствы. Паўсюдна ва ўстановах адукацыі адбыўся флэшмоб #Мы разам — Беларусь.

А ў самім Віцебску, паблізу ад галоўнай сцэны «Славянскага базару», грамадскія арганізацыі і партыі ўладкавалі свае інтэрактыўныя іміджавыя пляцоўкі — усяго іх было каля 20. Актывісты расказвалі пра ідэі і канкрэтныя справы, з’яднаўшыя аднадумцаў, мэта якіх — на грамадскіх пачатках дзейнічаць на карысць людзей і Радзімы. Жадаючых запрашалі да ўдзелу ў віктарынах, майстар-класах, пярформансах. Напрыклад, тэматычная пляцоўка абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» адлюстроўвала лозунг «За адзіную Беларусь: гісторыя, сучаснасць, адзінства».

Змястоўнае напаўненне адлюстроўвала такія традыцыйныя формы работы арганізацыі, як аўтапрабег «За адзіную Беларусь», гісторыка-інфармацыйны цыкл «Захаваем гісторыю», акцыя «Палатно адзінства». Маленькія наведвальнікі пляцоўкі з задавальненнем здзяйснялі свае першыя аўтапрабегі на дзіцячых аўто, аздобленых беларускай сімволікай, бо яднанне пачынаецца з малога.

Кульмінацыяй свята ў Віцебску стаў патрыятычны форум «Час абраў нас. Сіла — у адзінстве!». У Летні амфітэатр, які ўмяшчае 6,2 тысячы гледачоў, з’ехаліся прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці. Надзвычай сімвалічным быў момант, калі залу па ўсім перыметры аперазалі 23 — па колькасці раёнаў — ручнікі з нацыянальнымі арнаментамі, уласцівымі для паўночных рэгіёнаў Беларусі. Гэты своеасаблівы абярэг, правобразам якога стаў арнамент ураджэнкі Сенненшчыны Матроны Маркевіч, які аздабляе наш Дзяржаўны Сцяг і прызваны захінуць беларусаў ад нягод. З вуснаў ганаровых гасцей — ветэранаў працы, шматдзетных сем’яў, прадстаўнікоў медыяпрасторы і маладога пакалення — са сцэны гучалі словы любві да Радзімы, удзячнасці землякам за працалюбства, мудрасць, захаванне непарушных каштоўнасцяў. Вялікі канцэрт з удзелам каля 500 артыстаў далі лепшыя калектывы Віцебшчыны.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю