Top.Mail.Ru

У Віцебскім абласным краязнаўчым музее працуе экспазіцыя «Памяці патрыётаў Віцебшчыны 1941–1945 гадоў»

У фашысцкіх засценках. У Віцебску ёсць месца, з якога ніхто не сыдзе спакойным

Экспазіцыя «Памяці патрыётаў Віцебшчыны 1941–1945 гадоў» Віцебскага абласнога краязнаўчага музея размешчана ў склепе сучаснай духоўнай семінарыі на вуліцы Камісара Крылова, 7. Побач — Свята-Успенскі кафедральны сабор і найлепшая ў горадзе аглядная пляцоўка з выдатным відам на абласны цэнтр і раку. Але варта зрабіць некалькі крокаў убок і па прыступках уніз, у злавеснае скляпенне, як усе фарбы і гукі цьмянеюць і нямеюць. Здаецца, сцены былой турмы СД дагэтуль прапітаны нясцерпным болем...


Пад змрочнымі зводамі

Наведвальнікі экспазіцыі, вымушаныя прыгінацца (настолькі нізкая месцамі столь), сціхаюць, у вачах з’яўляюцца задуменне і страх. Атмасфера душыць. Пачуўшы расказ экскурсавода, сучаснікі задаюцца пытаннямі: як людзі змаглі гэта вытрываць, з якой сталі яны былі зроблены, каб дзеля любові да Радзімы, яе свабоды, светлага дня нашчадкаў адважыцца на барацьбу ў глыбокім варожым тыле, разумеючы, што наступствамі могуць стаць пакуты і смерць?

Са склепа экскурсанты выходзяць з палёгкай, але думкі раз за разам вяртаюцца пад змрочныя зводы.

Нягледзячы на смяротную рызыку

Віцебск быў акупаваны 11 ліпеня 1941 года. Новай жахлівай прыкметай горада сталі месцы прымусовага ўтрымання савецкіх грамадзян: канцлагеры «Пяты полк», у Лучосе, на былой люстэркавай фабрыцы, на цэглавым заводзе, турмы і гета. Яўрэйскае насельніцтва — каля 20 тысяч чалавек — да кастрычніка 1941-га фашысты знішчылі амаль поўнасцю.

З першых месяцаў навалы, нягледзячы на смяротную рызыку, патрыёты аб’ядноўваліся ў стыхійныя падпольныя групы. Іх удзельнікі, на жаль, не мелі ўяўлення аб утоенай барацьбе з імі і хутка цярпелі няўдачы.


Новы этап у гісторыі падпольнага руху пачаўся ў лютым 1942 года, калі барацьбіты ўстанавілі сувязь з партызанскімі атрадамі і армейскімі злучэннямі. Да лета на тэрыторыі вобласці налічвалася 56 падпольных ячэек. Каб узмацніць эфектыўнасць дзейнасці, аб’яднаўшы іх, у Віцебску вырашылі стварыць кіруючы падпольны цэнтр. Для гэтага накіравалі ў горад вопытную падпольшчыцу, будучага Героя Савецкага Саюза Веру Харужую. За месяц яна паспела часткова цэнтралізаваць падпольшчыкаў, адправіць 12 зашыфраваных лістоў-данясенняў, у якіх упэўнена сведчыла пра патрыятычны настрой у акупаваным горадзе, паведамляла каштоўныя разведданыя і вынікі начных авіяналётаў.

13 лістапада 1942 года Вера Харужая прыйшла на явачную кватэру, але яўка была правалена. Яна і яшчэ шасцёра яе таварышаў трапілі ў гарадскую турму на Суражскай шашы, праз пяць дзён іх перавялі ў турму СД. Жывымі адтуль яны ужо не вярнуліся...

Раскрыццё жудаснай тайны

Якую страшэнную праўду хавае глухі таўстасценны будынак, што так добра ахоўваўся акупантамі, стала вядома толькі пасля вызвалення Віцебска ў 1944-м. У гэтым будынку — адным з нямногіх адносна ацалелых — мелі намер размясціць адміністрацыю будучага станкабудаўнічага завода. Увайшоўшы ў яго запушчаныя памяшканні, людзі ўбачылі іншыя «станкі» — прылады для катаванняў, у тым ліку дыбу для выварочвання плечавых суставаў, прыстасаванні для вырывання пазногцяў... У склепе — чатыры камеры баз вокнаў, з нізкай столлю, падлога была заліта вадой. І перадсмяротныя пасланні жывым на сценах: «Бомба (Ліда Бярозкіна. — Заўв. аўт.), Хоруж...; Эдуард Гребеньков; Таня, Рая, Миша 1926–1942; я умираю. Яроцкий». Кажуць, было каля сотні надпісаў. Захаваліся тыя, што былі глыбей надрапаны. Напісаныя крывёй сцёр час.

Па няпоўных даных, толькі з 18 ліпеня да 18 снежня 1943 года праз гэтыя засценкі прайшло больш за 3 тысячы чалавек. У жывых каты практычна нікога не пакідалі. Дзе спачываюць астанкі вязняў, дакладна не вядома.

Факты і сведкі

Месцы прымусовага ўтрымання і знішчэння савецкіх грамадзян (як ваеннапалонных, так і мірнага насельніцтва) — турмы, гета, канцлагеры, шталагі — былі ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці.

Афіцыйна пацверджана існаванне 105 такіх «пунктаў смерці». Мемарыяльныя комплексы створаны на месцы буйнешых з іх: «Пяты полк» у Віцебску, дзе загінула больш за 80 тысяч чалавек; «Урочышча Пяскі» ў Полацку — месца смерці не менш як 40 тысяч чалавек; «Урочышча Барок» у Глыбокім — брацкая магіла звыш 27 тысяч ваеннапалонных. Аб іншых нагадваюць помнікі.


— У ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў 2025 годзе з архіўных крыніц, допытаў сведак і відавочцаў была атрымана дадатковая інфармацыя аб яшчэ каля 20 месцах прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва на тэрыторыі Віцебшчыны, — паведаміў намеснік начальніка аддзела пракуратуры вобласці па нагляду за выкананнем заканадаўства ў войсках Ігар МЯЦЕЛІЦА. — У асноўным гэта невялікія гета і перасыльныя лагеры. Цяпер інфармацыя ўдаклядняецца, і пасля верыфікацыі можна будзе гаварыць аб новых дакладных лічбах, якія пацвярджаюць факты генацыду.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю