Падчас пасяджэння абласнога аргкамітэта былі разгледжаны асноўныя моманты па забеспячэнні дастойных умоў жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, узнімаліся пытанні патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, добраўпарадкавання воінскіх пахаванняў і мемарыялаў, якім сёлета трэба аддаць асаблівую ўвагу.
Цяпер у Віцебскай вобласці пражываюць 110 ветэранаў і 1583 чалавекі, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Да 1 красавіка прадстаўнікі органаў сацыяльнай абароны павінны высветліць, ці ёсць праблемы, што хвалююць гэтыя катэгорыі грамадзян, і вырашыць іх. На сёння такая работа ўжо праведзена з 80 % ветэранаў і тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны. У ліку асноўных заявак — рамонт электрасеткі і печак, выдзяленне дзяржаўнай і адраснай сацыяльнай дапамогі, кампенсацыя за лекі, сродкі догляду і рэабілітацыі. Ветэранам, якія пражываюць у прыватных дамах у сельскай мясцовасці, будзе аказана дапамога ў правядзенні палявых работ на прысядзібных участках. Па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыса Яфрэмава, усе праблемныя моманты спецыялістамі вырашаюцца аператыўна, каб ахінуць пераможцаў клопатам і сустрэць вялікае свята дастойна.
У рамках Дзяржаўнай праграмы «Увекавечванне памяці аб загінулых пры абароне Айчыны» на 2021–2025 гады на Віцебшчыне праводзіцца маштабная работа па пошуку астанкаў воінаў, захаванні і аднаўленні воінскіх пахаванняў. Так, на тэрыторыі вобласці ёсць 1621 воінскае пахаванне, дзе знайшлі свой апошні прытулак звыш 493 тысяч чалавек. Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая, за 2024 год у паўночным рэгіёне былі ўвекавечаны 3143 прозвішчы загінулых. Пошукавыя работы праводзіліся ў сямі раёнах вобласці на 34 аб’ектах, з 397 знойдзеных астанкаў удалося ўстанавіць асобы толькі чатырох байцоў.
У год 80-годдзя Вялікай Перамогі ў кожным абласным цэнтры плануюць устанавіць тыпавы памятны знак, прысвечаны ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аўтарамі знака з’яўляюцца віцебскія скульптар Іван Казак і архітэктар Валерый Рыбакоў, іх праект быў выбраны рэспубліканскім мастацкім экспертным саветам па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Бронзавы помнік у Віцебску будзе ўстаноўлены на воінскім пахаванні «5-ы полк», дзе размяшчаўся канцлагер для савецкіх ваеннапалонных і мірных жыхароў.
У майскія святочныя дні ва ўсіх раёнах вобласці будзе праведзена звыш 3000 тэматычных мерапрыемстваў. У ліку цэнтральных — юбілейная акцыя «Прарыў Перамогі», якая пройдзе ва Ушацкім раёне. Падводзячы вынікі пасяджэння аргкамітэта, кіраўнік рэгіёна Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што святкаванне 80-годдзя Перамогі павінна ахапіць усе населеныя пункты вобласці, бо гэта робіцца для нашых дзяцей і ўнукаў, якія прымаюць эстафету памяці.