Top.Mail.Ru

У Віцебску адкрыўся міжнародны фестываль сацыяльнага кіно «Агульнае жыціе»

У Доме кіно адкрыўся ІІІ Міжнародны фестываль сацыяльнага кіно «Агульнае жыціе», які праходзіць у Дні Саюзнай дзяржавы на XXXV Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», паведаміла БелТА.


Старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў Яўген Арэндарэвіч адзначыў, што гэта кіно нясе сапраўдныя духоўна-маральныя каштоўнасці. «Яно вельмі глыбокае. І тыя работы, якія мы адбіралі, сапраўдныя, тонкія, дзесьці смелыя, але самае галоўнае — чалавечыя. Вельмі важна, што кожны год усё больш партнёраў падтрымлівае гэту ініцыятыву — камітэт Саюзнай дзяржавы, Парламенцкі сход, Міністэрства культуры Беларусі, Саюз жанчын, Праваслаўная царква і вельмі многія грамадскія арганізацыі. Усе паказы будуць абсалютна бясплатнымі, каб не было ніякіх абмежаванняў, бар’ераў, каб людзі маглі прыйсці, паглядзець і маглі падумаць менавіта пра тыя каштоўнасці, якія вельмі важны», — сказаў Яўген Арэндарэвіч.

Як ён падкрэсліў, ідзе вялікая бітва за розумы, экран, а кіно — гэта, па сутнасці, перадавая. «Цяпер творчыя людзі стаяць менавіта на гэтай перадавой інфармацыйнай бяспецы, каб моладзь разумела, што такое добра. Гэта вельмі важная місія, гэта наша лепта ў падтрыманні сапраўднай культуры і здаровай інфармацыйнай прасторы», — дадаў старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў.


Рэжысёр фільма «Вобраз будучыні» Павел Шубін з Новасібірска расказаў, што праз экран гледачам перадае пасланне аб тым, што ў прыярытэце павінна быць крытычнае мысленне, а штучны інтэлект павінен толькі дапамагаць чалавеку. «У нашым фільме паказваем падзеі, дзе праз 10 гадоў штучны інтэлект узяў пад кантроль усе сферы дзейнасці чалавека і пачаў выдаваць указы аб забароне творчасці, усмешак і г.д. Гэта, на думку штучнага інтэлекту, было выратаваннем людзей. Людзі, якія вырашылі пайсці супраць гэтай сістэмы, знайшлі вучонага, які стварыў сацыяльную сетку. Яна дала ім магчымасць разам прымаць рашэнні», — заўважыў Павел Шубін. Як дадаў рэжысёр, адзін з меседжаў — неабходна браць жыццё ў свае рукі і кіраваць ім самім.

У фае Дома кіно была прадстаўлена фотавыстава «Тое, што сэрцу дорага» з работамі смаленскіх майстроў-фотамастакоў Вячаслава Фліманкова і Станіслава Багданава. На фатаграфіях адлюстравана прыгажосць Смаленшчыны, яе прырода. Таксама тут адбыўся паказ дакументальнага фільма «Першыя назаўжды». Карціна прысвечана людзям, чые мары, мужнасць і самаадданая праца зрабілі немагчымае магчымым — ад тэарэтычных распрацовак Канстанціна Цыялкоўскага да подзвігу Юрыя Гагарына і Аляксея Лявонава. Пасля гэтага адбылося абмеркаванне фільма з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Андрэем Феафанавым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю