У філіяле «Мастацкі музей» Віцебскага абласнога краязнаўчага музея ў Віцебску заўтра, 9 красавіка, пачынае сваю работу выстаўка «Погляд з паднябесся» мастака Уладзіміра Акулава (1954 — 2026), на якой будуць прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы з калекцыі мастацтвазнаўца Яўгенія Ксяневіча. Выстаўка будзе працаваць да 31 мая 2026 года.
Нагадаем, што Акулаў з’яўляецца яркім прадстаўніком другой хвалі беларускага авангарда. Мастак нарадзіўся ў Баранавічах, на Брэстчыне. У 1976 — 1980 гг. вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Значны ўплыў на развіццё таленту мастака аказаў педагог і жывапісец Алег Рыгоравіч Арлоў.
Апошнія гады жыцця і творчасці У. Акулава былі звязаны са Слуцкам, дзе ён і загінуў у пажары 10 лютага 2026 года ў доме, у якім на той час жыў. Пры жыцці прайшло болей 20 персанальных выставак мастака. Цэлы шэраг з іх — пры куратарстве мастацтвазнаўца Яўгенія Ксяневіча. Была выстаўка і ў Віцебску — у 2016 годзе. А таксама выстаўкі праходзілі ў Маскве, Слуцку, Гомелі.
Мікола БЕРЛЕЖ