Здараецца, што людзі, звычайнае жыццё якіх перарвала інваліднасць, поўнасцю губляюць сэнс жыць далей, апускаючы рукі. Аднак у Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» добра ведаюць, як пераўтварыць абмежаванасць здароўя ў перавагу і знайсці сябе, бо менавіта ў горадзе на Дзвіне дзейнічае адзіная ў Беларусі каманда па футболе на электракалясках.
Некалькі гадоў таму незвычайную каманду стварыў старшыня праўлення абласной арганізацыі Эдуард Авецісян, які стаў для сяброў-аднадумцаў не толькі сакаманднікам, але і трэнерам. Футбол на электракалясках — даволі малады від спорту, які з’явіўся толькі ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Папулярызавацца ў Беларусі ён яшчэ не паспеў, аднак у Расіі гэты кірунак актыўна развіваецца некалькі апошніх гадоў.
«Так атрымалася, што я ведаю людзей, якія звязаны з гэтым праектам у Расіі, яны і прапанавалі нам прыехаць у Растоў-на-Доне, дзе праходзіў чэмпіянат па футболе на электракалясках, на свае вочы ўбачыць гэты від спорту. Каб узяць удзел у гэтым чэмпіянаце, патрэбна была каманда, якой у нас тады, вядома ж, не існавала. Таму я пачаў шукаць у нашай арганізацыі зацікаўленых футболам людзей. Калі каманда сабралася, паўстала іншае пытанне: як гуляць? У выніку мы сталі шукаць у інтэрнэце правілы, там жа глядзелі відэа гульняў і спрабавалі такім чынам навучыцца. А калі прыехалі ў Расію, арганізатары турніру выдзелілі нам электракаляскі, бо сваіх яшчэ не мелі. З дапамогай трэнера мы іх асвоілі на працягу дня», — успамінае Эдуард Анатольевіч.
Тады, не маючы багатага досведу, віцебскія першапраходцы занялі трэцяе месца. Звыкнуцца з электракаляскай нескладана, бо яна кіруецца джойсцікам. Менавіта таму гэты від спорту ўдала падыходзіць амаль усім людзям з інваліднасцю: ад падлеткаў да пажылых. Галоўная ўмова — моцны вестыбюлярны апарат і сіла адной рукі, каб ціснуць на кнопку ўпраўлення. У камандзе Авецісяна ў асноўным займаюцца людзі з парушэннем апорна-рухальнага апарата.
«Заняткі гэтым відам спорту — свайго роду свабода. Уявіце чалавека, які ніколі або даўно не хадзіў, не можа кіраваць нават мотакаляскай, а тут паўнавартасна гуляе ў футбол. Гэта ўзняцце жыццёвага тонусу. Плюс футбол на электракалясках прадугледжвае нагрузкі, што таксама ідзе на карысць», — разважае капітан каманды.
Вярнуўшыся з таго першага чэмпіянату пад моцным уражаннем, Эдуард Анатольевіч стаў шукаць варыянты развіцця і папулярызацыі такога футбола ў паўночным рэгіёне і па ўсёй Беларусі. Але для гэтага трэба было набыць свае электракаляскі, якія звычайнаму чалавеку зусім не па кішэні — сучасныя расійскія каштуюць каля 6 тысяч долараў. Добрыя людзі падказалі, што ёсць аналагі, якія трошкі саступаюць па хуткасных характарыстыках. Дзеля агульнай справы і не без азарту Авецісян прадаў свой аўтамабіль, фінансава дапамог сябар — атрымалася купіць адразу тры каляскі. Чацвёртую падарыў дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў горада.
Так справа зрушылася і перайшла ў практычную плоскасць. Але каб праводзіць абласныя, рэспубліканскія і нават міжнародныя турніры, неабходна мець як мінімум 10 калясак са сваімі тэхнічнымі характарыстыкамі: з максімальнай хуткасцю 10 кіламетраў у гадзіну, бамперам, якім б’юць па спецыяльным мячы дыяметрам 33 сантыметры. Аснову каманды, як мінімум, павінны складаць чатыры чалавекі.
Адшукалася і вырашэнне праблемы набыцця калясак: капітан каманды напісаў праект і падаў заяўку на абласны конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, які паспяхова выйграў. Для набыцця 10 электракалясак трэба 180 тысяч беларускіх рублёў, 10 % ад сумы павінна сабраць сама абласная арганізацыя ГА «Беларускае таварыства інвалідаў». Хутка ўжо пачнецца тэндэр на закупку.
З набыццём першых калясак у людзей з абмежаванымі магчымасцямі з’явіліся свая зала для трэніровак і трэнер. У планах — мячы для трэніровак і форма на выязныя спаборніцтвы. А пакуль каманда рыхтуецца да турніру ў Сочы з 22 па 27 красавіка, куды адзіных у краіне футбалістаў на электракалясках запрасілі ў якасці зборнай Рэспублікі Беларусь. У склад самой каманды, акрамя Эдуарда Авецісяна, уваходзяць Аляксей Буланчыкаў, Андрэй Гурко і Юлія Фрол.
«Вельмі хочацца, каб у каманды з’явіліся сябры, якія змогуць падтрымаць нас у яе патрэбах і маральна, і фінансава. Зараз мы рухаемся ў бок больш прафесійнага спорту, бо футбол — гэта відовішчны від спорту, і ўсе хочуць бачыць прыгожую гульню. Гэтага я цяпер і дамагаюся», — заключыў Эдуард Анатольевіч.
Фота з архіва каманды