Сёлета ў перыяд самых доўгіх летніх канікулаў звыш за 7 тыс. маладых людзей з ліку студэнтаў, навучэнцаў ССНУ і школ Віцебшчыны аб’ядналі студэнцкія атрады.
Работа студатрадаў не супыняецца на працягу ўсяго года. Нават цяпер юнакі і дзяўчаты ў вольны ад вучобы час працуюць у складзе будаўнічых, медыцынскіх, вытворчых суполак. Усё ахвотней іх часова працаўладкоўваюць наймальнікі.
Больш за 200 актывістаў студатрадаўскага руху сабраліся на цырымоніі падвядзення вынікаў працоўнага семестра. На шматлікіх інтэрактыўных пляцоўках яны прэзентавалі гульнявыя дапаможнікі, удзельнічалі у квэстах і віктарынах, успаміналі самыя яркія моманты ўдарнага лета. Кульмінацыяй мерапрыемства стала ўзнагароджванне байцоў, камандзіраў і камісараў атрадаў і тэрытарыяльных штабоў, кіраўнікоў прымаючых арганізацый, ветэранаў будатрадаўскага руху, які распачаўся ў 60-х гадах ХХ стагоддзя.
Пераможцамі ў намінацыі «Найлепшы студатрад, які працаваў на рэспубліканскім працоўным праекце» сталі атрад «Беркут» імя Р. Баталава ВДТУ і «Эйфарыя» імя К. Ракасоўскага ПДУ імя Ефрасінні Полацкай. Яны адпаведна былі задзейнічаны на ўвасабленні праектаў МАЗ «Аўтазаводзец» і «Атлант».
— Сваёй працай нашы рабяты падаюць прыклад унясення значнага ўклада ў развіццё свайго рэгіёна, — адзначыла першы сакратар абкама БРСМ Жанна Нарыцына. — Іх энтузіязм і імкненне быць карыснымі натхняюць іншых на стваральную працу ў імя ўзбагачэння ўсёй краіны.
Святлана ЯКАЎЛЕВА,
фота з адкрытых крыніц.