«Імя ў летапісе. Еўфрасіння Полацкая» — такую назву носіць выстаўка ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна, прымеркаваная да 925-годзя з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай.
У наведвальнікаў ёсць магчымасць да 30 чэрвеня пазнаёміцца з шэрагам рарытэтных выданняў. Адно з іх — «Гістарычныя звесткі пра жыццё прападобнай Еўфрасінні, княжны Полацкай, з Апісаннем і выявай крыжа, прынесенага ёю ў дар Полацкай Спаскай абіцелі» Канстанціна Сербіновіча. Гэта адна з найстарэйшых кніг у зборы абласной бібліятэкі. Нагадаем, што кніга тайнага саветніка, ганаровага члена Пецярбургскай Акадэміі навук пісьменніка, мемуарыста Канстанціна Сцяпанавіча Сербіновіча (1797 — 1874), які нарадзіўся ў Вільні, выйшла ў 1841 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Даследчык перакладаў на французскую мову «Гісторыю Дзяржавы Расійскай» М. Карамзіна, быў выдаўцом і рэдактарам выдання твораў В. Жукоўскага.
Несумненную ўвагу выклікае факсімільнае выданне рукапісу XIV стагоддзя «Жыція блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля Святога Спаса ў горадзе Полацку» — аднаго з найкаштоўнейшых помнікаў старажытнабелаускай літаратуры і агіяграфіі. Факсімільнае выданне было ажыццёўлена ў 2012 годзе. На выстаўцы можна знайсці і іншыя цікавосткі. Знаёмства з імі дапаможа яшчэ болей уявіць саму постаць Еўфрасінні Полацкай, масштаб яе здзяйсненняў і для таго часу, у якім жыла асветніца, і ўвогуле асэнсаваць яе ролю ў гісторыі і культуры Беларусі.
Выстаўка праходзіць у межах бібліятэчнага праекта «Рарытэт кранаць дазваляецца!».
Мікола БЕРЛЕЖ