Top.Mail.Ru

У Віцебску з нагоды 30-годдзя Нацыянальнага сходу ўшаноўвалі членаў Савета Рэспублікі розных скліканняў

Роўна 30 гадоў таму, 24 лістапада 1996 года, у Беларусі адбыўся Рэспубліканскі рэферэндум. Тады народ прагаласаваў за ўступленне ў сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі, якая ўзмацніла паўнамоцтвы Прэзідэнта, замацавала прэзідэнцкую форму кіравання, замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета быў заснаваны двухпалатны Нацыянальны сход (Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі), Днём незалежнасці Рэспублікі Беларусь было ўстаноўлена 3 ліпеня. 


Гэтым часам ва ўсіх абласцях краіны праходзяць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 30-годдзя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Круглы стол «Мая краіна — мой лёс» сабраў членаў Савета Рэспублікі розных скліканняў — прадстаўнікоў Віцебшчыны. 

— За гэтыя 30 гадоў Віцебскую вобласць у Савеце Рэспублікі прадстаўлялі 46 чалавек. Усяго ж у Савеце Рэспублікі працавалі 395 членаў, — прывяла статыстыку Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. — Гэта сапраўды найлепшыя прадстаўнікі абласцей, гэта сапраўды савет старэйшын, савет мудрацоў, якія заслужылі права і гонар працаваць у Савеце Рэспублікі. 

Наталля Качанава падкрэсліла, што важна помніць тых, хто быў каля вытокаў станаўлення беларускай дзяржавы. Дэпутаты першых скліканняў плячо ў плячо ўсталі з маладым Прэзідэнтам і зрабілі ўсё, каб Беларусь развівалася эфектыўна. Для гэтага трэба было ствараць прававы фундамент. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, гэта сёння ўсё выбудавана, і парламентарыі разумеюць, як працаваць, а тады было не так проста. Тым не менш, толькі парламентарыямі першага склікання было прынята 18 кодэксаў. За ўвесь жа час работы ў Савеце Рэспублікі прынята і адобрана 39 кодэксаў і каля 3 тысяч законаў.

— Беларусь — прававая дзяржава, — нагадала Наталля Качанава. — Мы жывём па законах, парламентарыі стараюцца эфектыўна працаваць над тым, каб гэтыя законы прыносілі карысць нашаму народу і краіне, дазвалялі ёй развівацца. 

Аб вытоках парламентарызму сучаснай Беларусі ўзгадаў член Савета Рэспублікі першага, другога і трэцяга скліканняў Уладзімір Андрэйчанка:

— На пачатку 90-х гадоў ішоў працэс памірання краіны. Валавы ўнутраны прадукт і прамысловасць упалі на 40 %, на дзесяцігоддзі была адкінута сельская гаспадарка. Людзі патрабавалі змянення сітуацыі. З гэтай задачай не мог справіцца Вярхоўны Савет БССР, дзе было 360 дэпутатаў розных фракцый, якія лабіравалі інтарэсы сваіх партый і прасоўвалі асабістыя амбіцыі. Работа Вярхоўнага Савета была практычна паралізавана. Тады Прэзідэнт выступіў з ініцыятывай правесці Усебеларускі народны сход, які ў сваю чаргу прыняў рашэнне аб правядзенні Рэспубліканскага рэферэндуму. Пасля рэферэндуму 24 лістапада сітуацыя памянялася, таму што пачаў працаваць Нацыянальны сход, у склад якога ўвайшлі Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, на пастаяннай аснове — профільныя камісіі, узрасла якасць законапраектаў, паступова сітуацыя стабілізавалася.

— Гісторыю сваёй краіны, сваёй зямлі, малой радзімы ствараюць людзі. Людзі ўносяць уклад у развіццё патэнцыялу пэўнага рэгіёна, ва ўмацаванне духоўнасці, маральнасці, — адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. — Асабліва гэта бачна, калі ў краіне цяжкія часы, крызіс, які выпаў і на нашу долю. Тады грамадства звяртаецца з запытам да народных выбраннікаў, шукае адказу, як быць. Як сенатар і былы старшыня Віцебскага аблвыканкама я ўдзячны тым людзям, якія падставілі тады плячо і мне, і Прэзідэнту.


Урачыстая сустрэча за круглым сталом была напоўнена ўспамінамі аб яркіх справах былых і сённяшніх парламентарыяў, большасць з якіх прысутнічала на мерапрыемстве. Хвілінай маўчання яго ўдзельнікі ўшанавалі памяць паплечнікаў, якія ўжо пайшлі з жыцця. Знайшлі добрыя словы ў падтрымку тых, хто і сёння ў страі.

Адзін з такіх людзей — член Савета Рэспублікі другога склікання новапалачанін, былы гендырэктар ААТ «Нафтазаводмантаж» Пётр Саламуха. На жаль, па стане здароўя ён не змог прыехаць на сустрэчу з калегамі па заканатворчай дзейнасці, але пра яго гаварылі як пра ўзор прыстойнасці, адукаванага гаспадарніка, вопытнага кіраўніка, які прадбачыў, як прынятыя законы будуць працаваць на месцах. Наталля Качанава прызналася, што Пётр Саламуха і сёння яе памочнік на грамадскіх пачатках — заўсёды на сувязі, непакоіцца пра дабрабыт роднага прадпрыемства, горада, краіны. 

Аб тым, што парламенцкі партфель ва ўсе часы давяраюць людзям, правераным справай, сведчыць вядомасць сенатараў розных скліканняў, іх асабісты ўклад у развіццё эканомікі рэгіёна. Сярод іх — былы старшыня Аршанскага гарвыканкама Уладзімір Навацкі, былы дырэктар Талачынскага кансервавага завода Анатоль Анюхоўскі, генеральны дырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Норкус, генеральны дырэктар «Віцебскіх пад’ёмнікаў» Андрэй Сідараў... 

— Мы разумеем меру сваёй адказнасці за будучыню сваёй краіны, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы ўдзячныя Прэзідэнту за падтрымку членаў Савета Рэспублікі, дэпутацкага корпусу. 

Старшыня верхняй палаты анансавала заключнае мерапрыемства ў рамках усебеларускага туру, прысвечанага юбілею Нацыянальнага сходу, і расказала, што ў Год беларускай жанчыны яго галоўнымі дзеючымі асобамі будуць менавіта жанчыны-парламентарыі і дэпутаты. 

Рабочая паездка Наталлі Качанавай у Віцебск завяршылася сустрэчай з калектывам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Энергакамплект». 

Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю