Top.Mail.Ru

У Віцебску ўшануюць лаўрэатаў прэміі імя Уладзіміра Караткевіча

26 лістапада, у 95-ю гадавіну з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння абласной літаратурнай прэміі імя У. С. Караткевіча. Ён ураджэнец Оршы, і такая ўзнагарода сведчыць аб пашане землякоў да асобы і творчасці класіка беларускай літаратуры. 


Сёлета лаўрэатамі прэміі імя У. С. Караткевіча вызначаны: Іна Мароз (Саламаха) за зборнік вершаў «Лістаслоўе» ў намінацыі «Паэзія», Анатоль Бруцкі за зборнік гістарычных аповесцяў і нарысаў «Аксельбанты фельдмаршала Гуркі» ў намінацыі «Проза» і калектыў Беларускага тэатра «Лялька» за шматгадовую работу па прапагандзе творчасці У. Караткевіча і пастаноўку казкі-прыпавесці «Кацёл з каменьчыкамі» ў намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча». 

— З творчай спадчынай Уладзіміра Караткевіча наш калектыў працуе з 2000 года, у рэпертуары тры спектаклі паводле яго казак: «Ладдзя роспачы», «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» і «Кацёл з каменьчыкамі». Яны адрасаваны як дзіцячай, так і дарослай аўдыторыі, — расказаў дырэктар тэатра «Лялька» Аляксандр Грыгор’еў. — Прэм’ера апошняга адбылася ў лістападзе 2022-га, у мінулым годзе ён адноўлены з новым складам артыстаў. Папулярны ў гледачоў. У дзень нараджэння аўтара пройдуць тры яго паказы. Спектакль запрашае зазірнуць у вясёлкавы наш з табою край, у сівую нашу даўніну, каб пашукаць адказы на няпростыя пытанні аб тым, якая музыка гучыць у тваім сэрцы, што такое звычайны цуд і як навучыцца быць чараўніком. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: 95-ты Дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча натхняе яго землякоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю