Top.Mail.Ru

У вядучай педагагічнай ВНУ краіны конкурс на некаторыя спецыяльнасці — больш за 5 чалавек на месца

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, як і ў іншых ВНУ, падвялі вынікі прыёму на бюджэтнае навучанне. Конкурс дазваляе спадзявацца, што прэстыжнасць адной з самых патрэбных у грамадстве прафесій пачынае вяртацца.



«Мы з задавальненнем адзначаем, што прадаўжае расці цікавасць моладзі да педагагічных спецыяльнасцяў», — гаворыць рэктар ВНУ Аляксандр Жук і пацвярджае свае словы лічбамі. Пры плане набору на бюджэтныя месцы 1040 чалавек было пададзена больш за 1,8 тысячы заяў, гэта значыць, конкурс склаў 1,7 чалавека на месца. На большасць спецыяльнасцяў конкурс быў больш за два чалавекі на месца, найбольшы конкурс адзначаны на спецыяльнасці «Мастацкая адукацыя» — 5,4 чалавека на месца, «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» (4,5), «Фізічная культура» (3,9), «Псіхалогія» (2,7), «Гістарычная адукацыя» (2,4), «Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і фізіка)» (2,2), «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» і «Філалагічная адукацыя (руская мова і літаратура, замежная мова)» — 2 чалавекі на месца.

На бюджэтнае навучанне ў педуніверсітэце было залічана каля 400 мэтавікоў. «У цэлым мы адзначаем значнае павышэнне якасных паказчыкаў прыёму. Сёлета да нас прыйшлі высокаматываваныя і падрыхтаваныя абітурыенты. Сярод залічаных 55 маюць залатыя або сярэбраныя медалі, каля 80 уладальнікаў дыпломаў каледжаў з адзнакай, — прыводзіць яшчэ адну статыстыку рэктар. — Кожны чацвёрты залічаны абітурыент — выпускнік педагагічных класаў. Гэта тая моладзь, якая на працягу двух гадоў мэтанакіравана рыхтавалася, асвойвала факультатыў «Уводзіны ў педагагічную прафесію» і свядома выбрала будучую спецыяльнасць.

Аб высокай якасці падрыхтоўкі абітурыентаў сведчыць значны рост прахадных балаў. Самыя высокія балы склаліся на спецыяльнасці «Псіхалогія» — 348, «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» — 338, «Мастацкая адукацыя» — 335, «Філалагічная адукацыя (руская мова і літаратура, замежная мова)» — 322, «Гістарычная адукацыя» — 321, «Фізіка-матэматычная адукацыя (матэматыка і фізіка)» — 317, «Філалагічная адукацыя (руская мова і літаратура)» — 311, «Пачатковая адукацыя» — 308, «Арганізацыя і кіраванне фізічнай культурай, спортам і турызмам» — 307. «У цэлым амаль палова залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання — абітурыенты з баламі вышэйшымі за 300», — адзначыў Аляксандр Жук.

Лічыцца, што прафесія педагога жаночая. Але ў апошнія гады ў БДПУ паступае ўсё больш хлопцаў. «На гістарычны факультэт і факультэт фізічнага выхавання паступіла больш за 40 % юнакоў, а на фізіка-матэматычны факультэт — больш за 50 %. Большасць нашых абітурыентаў (дзве трэці залічаных) — выпускнікі ўстаноў адукацыі Мінска і вобласці, з якімі мы плённа супрацоўнічаем», — падкрэсліў рэктар.

У тых, хто не прайшоў па конкурсе на бюджэтную форму навучання, да заўтрашняга дня ёсць магчымасць падаць дакументы для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне адукацыі на платнай аснове. Для студэнтаў-платнікаў, якія добра паспяваюць, у ВНУ існуе сістэма зніжак на вучобу.

Паводле БелТА.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю