Так называлася выстаўка аднаго дня, арганізаваная ў дзень паказу оперы Уладзіміра Солтана (паводле Уладзіміра Караткевіча) «Дзікае паляванне караля Стаха». У тэатр «прыехалі» экспанаты Музея старабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — і пра кожны з іх можна было атрымаць інфармацыю з разгорнутым тлумачэннем спецыялістаў, што гэта за рэч і як яе выкарыстоўвалі нашы продкі. Атрымаўся выдатны пралог да оперы, бо ў яе сцэнаграфічным рашэнні выкарыстаны шмат якія даўнія рэчы, сэнс і сімвалізм якіх мае значэнне да разумення твора, ды і гукі часам можна пачуць, нібыта з самой даўніны...
Куфар прыцягваў увагу — распісны, прыгожы і рэальна напоўнены скарбамі. У Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці калісьці быў вядомы цэнтр па роспісу куфроў. А на гэтым узоры выраблены ў 1954 годзе, і ён дагэтуль захоўвае імя майстра. Куфар з ручкамі па баках і на колах — каб зручна было перасоўваць, бо цяжкі, калі запоўнены. Ён упершыню выехаў за межы музея. І гэта пры тым, што супрацоўніцтва Вялікага тэатра з музеем старабеларускай культуры акадэміі навук налічвае дзесятак гадоў.
— Праз загадкі, пытанні, мы б хацелі крыху абудзіць адносіны да нашай памяці, якая пачынаецца ў сям’і, павялічваецца і вырастае да маштабаў нашай дзяржавы. Не будзе нашай памяці, не будзе гістарычных каранёў, мы можам знікнуць як нацыя, — адзначыў кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука, загадчык аддзела старабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Першае, на што звярнуў увагу кожны, хто прыйшоў на выстаўку — ручнікі, што занялі сцяну. Калі хто яшчэ не бачыў оперу, то яны ёсць на сцэне — але дзеля чаго? Тут, відаць, дапамогуць веды пра тое, як выкарыстоўваліся ручнікі раней — не толькі ж рукі ды твар выціраць?
Навуковы супрацоўнік музея Алена Богдан тлумачыць:
Тое, што напаўняе куфар — яскравая частка беларускай традыцыйнай культуры. Першае, што прыходзіць у галаву, калі мы ўяўляем вобраз нацыі — традыцыйны касцюм, ручнікі... Але ручнік — насамрэч шматгранная рэч. Тыя, што аздабляюць сцяну, — ручнікі-набожнікі, якія выкарыстоўваліся як інтэр’ерны элемент для аздаблення жытла. Звычайна імі афармлялі абразы. Набожнікі былі абавязкова з канцамі, аздобленымі карункамі — завершаны дэкаратыўны твор, насычаны чырвоным колерам, калі яго выкарыстоўвалі на свята. На час посту маглі павесіць больш сціплыя ручнікі, з мінімальнай аздобай, а ў ёй мог быць чырвоны колер. Ручнікі выконвалі па пэўнаму абавязку. Ручнік-набожнік ці ручнік-аброчнік трэба было вырабіць за адну ноч альбо за адзін дзень. Часам жанчыны нават не размаўлялі, калі выраблялі такі ручнік. З ручніком маглі абысці вёску, каб захінуць ад нейкай хваробы ці пажару. На прыдарожныя крыжы маглі вешаць розныя ручнікі, а па іх можна было меркаваць пра мастацкі густ жыхароў.
Былі рэчы сімвалічныя, якія выкарыстоўвалі на вяселлях. Ручнік клалі на падлогу пад ногі маладым, калі яны вянчаліся ў царкве — яны не зусім белыя, з лаканічнымі краямі. Найлепшыя ручнікі ішлі на падарункі, бо нявеста павінна была адарыць сваякоў жаніха. Самы доўгі экспанат з куфра (6 метраў) нагадаў пра тое, што ў жыцці ёсць як радасць, так і жалоба, бо ў апошні шлях чалавека таксама суправаджалі ручнікі...
Найкарацейшы ручнічок з прадстаўленых — трапкач, нібыта нейкая пасачка з доўгімі-нікамі на канцах, выкарыстоўвалі ў выхаваўчых мэтах, калі дзіця надта сваволіла — было не вельмі балюча, але вельмі крыўдна. Ручнікамі прыкрывалі цеста, калі яно «падыходзіла» — з-за вялікай павагі да хлеба. А яшчэ адзін узор — просценькі: калі заставаліся рэшткі тканіны, іх сшывалі, і гэты ручнік выкарыстоўвалі для пераноскі спарыша.
Гэта такі дзіўны посуд з двух злучаных гаршчочкаў і ручкі над імі. У спарышы насілі ежу ў поле — кашу і поліўку. Яшчэ адзін варыянт посуду стварыў інтрыгу ў прысутных: нешта накшталт керамічнай талеркі з ножкамі і ручкай — рынка. Паставіў у печ — і чакай гатовай стравы. Патэльня? Кажуць, не зусім... Ох, і загадкавы беларускі свет...
Хтосьці звярнуў увагу на дзіўны музычны інструмент са скураным мяхом ды двума рагамі, падобны на валынку, якую мы бачым і ведаем як інструмент з замежнай культуры.
— Гэта наша дуда беларуская! — запэўнівае Барыс Лазука. — Паколькі ў культурным развіцці розных народаў ёсць пэўная заканамернасць: побытавыя патрэбы, геаграфічныя асаблівасці, эканамічныя ўмовы і іншыя, то нараджаюцца блізкія ці падобныя формы культурнай дзейнасці. Але ў нас была свая дуда. На вялікіх урачыстасцях, сямейных святах, вядома, гучалі цымбалы. Вельмі важны для нас інструмент, які якраз мае ўсходняе паходжанне, але ён адаптаваўся і мае ў нашай культуры вялікае значэнне. Таксама як і акарына — прыйшла да нас, магчыма, у часы Боны Сфорцы, бо мае італьянскае паходжанне. Яна стварала адпаведны фон, таксама як і розныя свясцёлкі. Нашы продкі былі вынаходлівыя, і часам у музыцы выкарыстоўваліся прылады для прання бялізны, дзякуючы якім можна было здабыць рытмічныя гукі, без уліку таго, што былі запатрабаваныя званочкі, бубен. І, вядома, абавязкова гучала скрыпка...
Цікава гэта бачыць, ведаць, а пасля падчас прагляду оперы гадаць: якія старажытныя інструменты ў ёй гучаць?
— Спадзяёмся, што праз прадметы з нашай калекцыі этнаграфіі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва кожны зможа ўспомніць нешта роднае і блізкае для сябе, — адзначыла галоўны захавальнік музейных фондаў Вольга Кір’янава, — І адчуць тое, што належыць нашай адметнай культуры, свае карані.
Фота Лізаветы ГОЛАД