Top.Mail.Ru

У Вялікім тэатры Беларусі прыступіў да рэпетыцый оперы «Арлеанская дзева» народны артыст Расіі Георгій Ісаакян

Гэтая опера Пятра Чайкоўскага ніколі (!) не ставілася ў нашым тэатры, яе прэм’еру абяцаюць ужо напрыканцы бягучага тэатральнага сезона. А ў Дзень нараджэння тэатра 25 траўня адбудзецца адкрытая рэпетыцыя, на якую могуць патрапіць звычайныя гледачы!



Праўда, шчасліўчыкаў абяруць на конкурснай аснове: жадаючыя паглядзець, як ствараюцца спектаклі, павінны даслаць гісторыі пра сваю любоў да тэатра на яго электронны адрас. Імёны гледачоў, якіх чакаюць на рэпетыцыі, стануць вядомыя 23 мая. Паспрабаваць варта, таму што будзе магчымасць не толькі паназіраць за таямнічым працэсам творчасці, але і паразмаўляць са стваральнікамі будучага спектакля, любімымі артыстамі і Георгіем Ісаакянам, вядомым рэжысёрам, пастаноўкі якога адзначаны важнымі ўзнагародамі, у тым ліку Дзяржаўнай прэміяй РФ і «Залатой маскай». У свой час ён быў мастацкім кіраўніком Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета, які вызначыўся яркімі прэм’ерамі, а цяпер кіруе Маскоўскім дзяржаўным акадэмічным дзіцячым музычным тэатрам імя Наталлі Сац. Да гэтага калектыву мае дачыненне і галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі, а цяпер яго мастацкі кіраўнік, Арцём Макараў. Разам — дырыжор і рэжысёр — працуюць над операй «Арлеанская дзева» ў юбілейны год яе стваральніка Пятра Чайкоўскага.

На думку рэжысёра-пастаноўшчыка, у оперы «Арлеанская дзева» — цудоўная музыка, найскладаныя партыі. Над імі працуюць вядучыя салісты Вялікага тэтара Беларусі. У прыватнасці, партыю Іааны д’Арк рыхтуюць Аксана Волкава, Дар’я Гаражанка, Анастасія Малевіч, Аксана Якушэвіч, у ролі каханкі караля Агнесы Сарэль рыхтуюцца выйсці Марыя Галкіна, Марта Данусевіч, Анастасія Масквіна. А колькі цікавых мужчынскіх вобразаў: тут і кароль з архіепіскапам, і тата з жаніхом, і высакародныя рыцары...

«Тэатр, які бярэцца за пастаноўку гэтай оперы, павінен прад’явіць найвышэйшы ўзровень трупы — салістаў, артыстаў хору, аркестра. Гэта гіганцкае палатно, у якім няма месца кампрамісу ні ў адной дэталі», — лічыць Георгій Ісаакян.

Аб жыцці гераічнай Жанны д’Арк пастараюцца распавесці, злучыўшы некалькі рэальнасцяў: гістарычную, тэатральную і сучасную ў шматслаёвай пастаноўцы, што павінны падкрэсліць складаныя дэкарацыі. Іх эскіз рэжысёр-пастаноўшчык прадставіў на сустрэчы з трупай, якой патрэбна асаблівае натхненне для работы над гэтым спектаклем: опера «Арлеанская дзева» прыгожая і складаная, але, магчыма, таму яна рэдка гучыць у тэатрах свету. У Мінску прэм’ера запланавана на сярэдзіну чэрвеня.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю