Спікер Вярхоўнай рады Украіны Руслан Стэфанчук падпісаў распараджэнне аб стварэнні рабочай групы па падрыхтоўцы законапраекта аб выбарах. Пра гэта заявіў сам Стэфанчук, паведамляе БелТА.
Спікер, аднак, не ўдакладніў, калі менавіта плануецца правесці выбары. «Рабочая група будзе складацца з прадстаўнікоў усіх парламенцкіх партый і груп, а таксама ЦВК. Выбары ў такіх умовах патрабуюць вырашэння шэрагу пытанняў», — адзначыў Стэфанчук.
Паводле яго слоў, сярод пытанняў, якія неабходна вырашыць, — стварэнне ўмоў для галасавання ваенных на фронце і іх права выбірацца. Акрамя таго, неабходна вырашыць пытанне, як будуць галасаваць мільёны ўкраінцаў, якія знаходзяцца зараз за мяжой. Неабходна таксама забяспечыць прысутнасць міжнародных назіральнікаў для гарантыі дэмакратычнасці і бяспекі выбараў.
Раней кіраўнік фракцыі «Слуга народа» Давід Арахамія заявіў аб фарміраванні ў парламенце групы па пытанні магчымага правядзення выбараў.