У Вярхоўным Судзе юрысты і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў абмеркавалі ўзаемадзеянне заканадаўчай і судовай улады
У рамках мерапрыемства дэпутаты Палаты прадстаўнікоў азнаёміліся з пытаннямі арганізацыі разгляду спраў, асаблівасцямі каравульнай службы, работы канвойнай тэхнікі, функцыянальнымі асаблівасцямі залы Прэзідыума і актавай залы, а таксама з карціннай галерэяй Вярхоўнага Суда.

Дзякуючы ўзаемадзеянню галін улады
Заканадаўчая дзейнасць, паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі, — гэта адзін з галоўных напрамкаў супрацоўніцтва дэпутацкага корпуса і судзейскай супольнасці. Дарэчы, яе прадстаўнікі ўдзельнічаюць не толькі ў этапе падрыхтоўкі законапраектаў, але і ў наступным абмеркаванні дакументаў. «Найвышэйшы судовы орган становіцца важнай крыніцай аналітычнага складніка па выніках разгляду спраў у судах, выяўлення магчымых нестыковак, дзесьці — недасканаласці, недапрацовак закона. Мы будзем удзячныя, калі будзем выходзіць на нейкія заканадаўчыя ініцыятывы, не ламаючы сістэму, якая ўстаялася», — падкрэсліў Ігар Сергяенка.

Вынікам такога цеснага ўзаемадзеяння заканадаўчай і судовай галін улады за апошнія некалькі гадоў стаў шэраг важных дакументаў. У іх ліку — закон аб змяненні кодэксаў па пытаннях судовага ладу і статусу суддзяў і Кодэкса грамадзянскага судаводства. Бягучае скліканне, у сваю чаргу, ужо прыняло дакументы, якія датычацца комплекснай змены заканадаўства па пытаннях крымінальнай адказнасці, адміністрацыйнай, а таксама па пытаннях рэгулявання грамадзянскага судаводства і грамадзянскіх праваадносін.
Цяпер профільная камісія пачала прапрацоўку прапаноў па ўнясенні змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Яны сталі вынікам абагульнення правапрымяняльнай практыкі судоў агульнай юрысдыкцыі, якія выявілі патрэбу ва ўдакладненні асобных палажэнняў сямейнага заканадаўства.

Падтрымка эканомікі, абарона вытворцаў
Старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй ШВЕД, у сваю чаргу, звярнуў увагу на непарыўную сувязь прававой сістэмы і рэальнага сектара эканомікі. Паводле яго слоў, менавіта эканамічны парадак дня выступае фундаментам, які вызначае доўгатэрміновую стратэгію развіцця дзяржавы, і судовая ўлада не можа заставацца ўбаку. «Пачынаючы са студзеня гэтага года суды арыентаваны на тое, каб максімальна абараняць інтарэсы нашых сельгасвытворцаў, выключыць практыку, калі абарачаецца ў даход залогавая маёмасць, мінімальна накладваць штрафныя санкцыі», — адзначыў Андрэй Швед.

Паводле яго слоў, за студзень—май 2026 года суды сваімі рашэннямі захавалі ў сельскай гаспадарцы больш за 27 млн беларускіх рублёў: «Сёння вельмі важна забяспечыць работу ўсіх сельгасвытворцаў. Калі па рашэнні суда выключыць сельгастэхніку, на чым працаваць, вырошчваць хлеб?»
Органы правасуддзя закліканы не толькі вырашаць спрэчкі, але і жыць інтарэсамі грамадства, аператыўна рэагуючы на яго запыты і ўдзельнічаючы ў пошуку адказаў на сучасныя выклікі, абароне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах санкцыйнай палітыкі. Таксама, падкрэсліў Андрэй Швед, недапушчальны фармальны падыход да вырашэння спраў.

Дапамагаючы аднавіць мір
У сістэме айчыннага правасуддзя сёння занята каля пяці тысяч чалавек, пры гэтым штатная колькасць суддзяў складае больш за 1200 адзінак. Дарэчы, працягваецца ўстойлівы працэс фемінізацыі судзейскага корпуса. І хоць у Вярхоўным Судзе яшчэ захоўваецца пэўны гендарны парытэт, агульныя статыстычныя даныя сведчаць аб тым, што цяжар адказнай і складанай працы ўсё часцей кладзецца менавіта на жаночыя плечы.

Старшыня Вярхоўнага Суда таксама падкрэсліў: у сістэме працуе шмат маладых людзей. Пра гэта сведчыць, напрыклад, тое, што кожны пяты суддзя мае стаж работы не больш за пяць гадоў, тады як аснову судзейскага корпуса складаюць спецыялісты, старэйшыя за сорак гадоў, — іх доля дасягае 72 %. Пры гэтым стаж судзейскай работы больш за 10 гадоў маюць дзве трэці суддзяў (62 %), а ў Вярхоўным Судзе гэты паказчык набліжаецца да стапрацэнтнай адзнакі.
Варта адзначыць: суды агульнай юрысдыкцыі штогод вырашаюць каля паўмільёна розных спраў, а ў асобныя дні колькасць матэрыялаў, што разглядаюцца, можа дасягаць паўтары тысячы. У розны час і ў рознай якасці ўдзельнікамі працэсаў становяцца звыш мільёна чалавек штодня. Прычым больш за палову ўсіх спраў — 56 % — прыпадае на сферу грамадзянскага і эканамічнага судаводстваў.

«Пры гэтым суды стараюцца не проста па законе вырашаць спрэчкі, але і прымірыць іх удзельнікаў, дапамагчы ім аднавіць паміж сабой сацыяльны мір. У выніку толькі з ліку грамадзянскіх спраў каля 20 % спыняюцца, бо людзі пры садзейнічанні суда прыходзяць да добраахвотнага вырашэння канфлікту. Гэтую практыку мы далей будзем пашыраць, гэта вельмі важна, — адзначыў Андрэй Швед. — Тым больш, што амаль палова (42 %) патрабаванняў, якія разглядаюцца, гэта спрэчкі са шлюбна-сямейных адносін». 23 % з іх складаць справы аб устанаўленні юрыдычных фактаў і накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, яшчэ 22 % прыпадае на жыллёвыя спрэчкі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА