Top.Mail.Ru

У Выдаведцкім доме «Звязда» ўбачыў свет зборнік «Ніколі не забудзем»

Дзяцінства пасля 1941-га

Неўзабаве пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ўбачыў свет зборнік «Ніколі не забудзем» з аповедамі дзяцей, якім давялося спазнаць трагедыю. Кожны з іх апісаў убачанае і перажытае на некалькіх старонках друкаванага тэксту. Кніга, укладзеная празаікам Пятром Рунцом, неаднойчы перавыдавалася, а праз шмат дзесяцігоддзяў пасля выхаду дапоўнілася другім раздзелам.

У новае літаратурна-мастацкае выданне ўвайшла частка на рускай мове пад назвай «Не забыли и не забудем». Аповеды дарослых, якія дзецьмі зведалі цяжар вайны, запісала і апрацавала сучасная пісьменніца Таццяна Дашкевіч. «Іх успаміны, галасы і інтанацыі сугучныя з тымі першымі аповедамі, напісанымі адразу пасля Перамогі, — падкрэслівае аўтар у прадмове да кнігі. — Бо сучасныя сталыя людзі — тыя ж самыя дзеці, падлеткі, юнакі і дзяўчаты, чый золак жыцця згубіўся на гібельнай прасторы вайны». 

Сёлета праектам зацікавіўся і Выдавецкі дом «Звязда». На вокладцы новага выдання — знакаміты здымак Галіны Санько «Вязні фашызму», зроблены ў Петразаводску ў чэрвені 1944 года і выкарыстаны як адзін з абвінаваўчых сведчанняў супраць нацыстаў на Нюрнбергскім працэсе. Гэты і іншыя ілюстрацыйныя матэрыялы прапаноўваюцца, на жаль, без пазначэння крыніцы і аўтарства, што хацелася б бачыць, прынамсі, каб мець уяўленне пра месца і час здымак, калі яны вядомы... Між тым неабходныя ўдакладненні побач з фатаграфіямі з асабістых архіваў герояў Таццяны Дашкевіч чытачу даюцца. 

Дарэчы, сярод людзей, якія распавядаюць пра сваё ваеннае дзяцінства, — Мікалай Аркадзьевіч Дашкевіч, бацька пісьменніцы. Яго ўспаміны маюць назву «Урокі выжывання» і, як і ўсе ў гэтай частцы кнігі, дапоўнены нешматлікімі згадкамі пра пасляваенныперыяд і сучаснасць. Пражытыя гады не засланілі героям кнігі таго, з чым яны сутыкнуліся. Усё ж наступствы далёкіх падзей у сваім жыцці ім даводзілася прымаць як данасць. Гэтыя людзі не мучыліся пошукамі адказаў на складаныя і, напэўна, галоўныя пытанні — яны быццам даўно іх знайшлі, хоць, зразумела, штосьці важнае ў жыцці не заўсёды ўдавалася своечасова ўдакладніць у родных, якія выжылі ў ліхалецце. 

Таццяна Дашкевіч у арганізацыі тэкстаў прытрымлівалася схемы, на якую абапіраўся Пятро Рунец падчас падрыхтоўкі аповедаў дзяцей аб сваім дзяцінстве ў дні Вялікай Айчыннай. Тут няма стылістычнай разнастайнасці, асцярожнага абыходжання са словам, непаўторнае гучанне якога імкнуліся захаваць, напрыклад, Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік у кнізе «Я з вогненнай вёскі...». Героі зборніка «Ніколі не забудзем» засяроджаны на храналогіі падзей, іх успаміны месцамі пададзены нават сцісла. А можа, гэта памылковае ўражанне, бо разуменне, што за некалькімі радкамі хаваюцца гісторыі неабдымнага гора, дазваляе думаць, што не ўсё расказана, далёка не ўсе пачуцці выказаны... Між тым нікуды не губляецца і ўсведамленне, што ўкладальнікамі зроблена тытанічная праца над зыходным матэрыялам, відавочная характарыстыка якога — абрывістасць. Усё для таго, каб тэксты дайшлі да чытача менавіта ў фармаце, які мае на ўвазе ёмістасць і выразнасць. І адрасавана выданне найперш дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту — аповеды на выбар настаўнікаў уваходзяць у спіс для пазакласнага чытання вучэбнай праграмы па беларускай літаратуры для 4 класа. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю