Імя фатографа Юрыя Іванова даўно стала ў нейкім сэнсе культавым для беларускай візуальнай культуры. Ён не толькі фотарэпарцёр, але і фотамастак, прычым у самых розных жанрах. Яму падуладныя таямніцы партрэта, пейзажа, замалёвак і іншых спосабаў захавання ўнікальных імгненняў. У арсенале майстра няма прахадных работ, кожная нясе адбітак часу, характару, сітуацыі. «У кожным здымку жыве рух, — сцвярджае наш герой. — Рух думкі і душы. І на сфатаграфаваным сорак гадоў таму дрэве, без сумневу, штогод прыбывае кольцаў. Яно сталее разам з намі. І можна да бясконцасці спрачацца, дзе застаўся арыгінал — у старасвецкім парку на ўскраіне Беларусі або на банальнай фотапаперы...»
Сваёй творчасцю Юрый Іваноў працягнуў акадэмічны кірунак мастацкай фатаграфіі і савецкай фотажурналістыкі, дзе дамінавалі павага, можна сказаць, інтэлігентнае стаўленне да аб’екта, а таксама дабрыня і амаль дзіцячая здольнасць уражвацца ўбачаным. Ён вастрыў свой арліны погляд, працуючы фотакарэспандэнтам у БелаПАН, выданнях «Культура» і «Мастацтва». Яго работы ўзбагацілі візуальнае аблічча выданняў, дазволілі перагледзець канцэпцыю ілюстрацыйнага матэрыялу для айчыннай журналістыкі. Часам менавіта здымак з’яўляўся галоўным адлюстраваннем сэнсу, асноўным акцэнтам у матэрыяле.
Майстар нядаўна ярка адзначыў слаўны юбілей, да якога прымеркавалі выхад фотаальбома «Вечнасць у секундзе» (Выдавецкі дом «Беларуская навука»). Кнігу адкрываюць цёплыя ўступныя словы члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіла Мясніковіча, публіцыста Яўгена Агурцова-Кржыжаноўскага, пісьменніка Уладзіміра Ліпскага, кінарэжысёра Вячаслава Нікіфарава. Перад намі паўстае хрэстаматыя фатаграфічнага мастацтва, дзе ўражваюць шматжанравасць і полістылістыка — ад рэпартажнай імправізацыйнасці да пастановачнай рэжысуры і старанна выверанай кампазіцыі. Маляўнічая палітра раз-пораз змяняецца чорна-белым, амаль графічным мінімалізмам, дзе праглядаюцца шматлікія прамежкавыя адценні. Амаль фізічна адчуваецца фактура самых розных аб’ектаў — ці то магутныя лусты раллі, ці то храбусткая звонкасць пшанічнага поля або шчыльнасць туманнага марыва на Палессі.
Перагортваючы альбом, адчуваеш эмацыянальны зарад і сэнсавае напаўненне кожнага кадра. Гэта абумоўлена неабыякавасцю і ўвагай мастака да аб’екта. У майстра аднолькава атрымліваецца перадаць асаблівасці індывідуальнага характару і калектыўнага настрою. Напрыклад, моцнае ўражанне выклікаюць партрэты рабочых і сельскіх працаўнікоў, замалёўкі гарадскога і вясковага побыту, панарамныя калектыўныя шэсці і дэманстрацыі.
Уражвае ўнікальны кадр пасляваеннага Мінска і плошчы Леніна, дзе цудам захаваліся даваенныя будынкі. Захапляюць радасныя твары ветэранаў, якія ідуць у абрамленні квітнеючай вішні; рабочыя, якія сядзяць у велізарным коле БелАЗа; іканапісныя абліччы сельскіх жанчын. З цікавасцю ўглядаешся ў твары найлепшых людзей Беларусі ХХ стагоддзя, сярод іх — Пётр Машэраў і Уладзімір Мулявін, Валянцін Елізар’еў і Барыс Луцэнка, Алесь Дудараў і Генадзь Гарбук, Рыгор Барадулін і Андрэй Вазнясенскі, мітрапаліт Філарэт і родная маці. Асаблівую энергетыку выпраменьваюць фатаграфіі дырыжораў, жэсты якіх злоўлены літаральна злёту, — Міхаіла Казінца, Людмілы Яфімавай, Генадзя Праваторава. «Людзей нецікавых у свеце няма», — казаў Яўгеній Еўтушэнка. Дарэчы, і сам паэт адлюстраваны як рамантык і выразнік вольналюбівых ідэй свайго часу.
Такога ўзроўню мастацкія фатаграфіі можна чытаць шматслойна, як своеасаблівы палімпсест, шматзначны тэкст, у якім спалучаюцца культурныя коды і сімвалы пэўнага часу. У знакамітай фатаграфіі «Лятучка», якая абышла многія сусветныя выданні, спачатку прачытваюцца шматфігурная кампазіцыя і маляўнічы каларыт, затым напружаны стан жанчын, якія сабраліся вакол заводскага начальства, і, нарэшце, павышаны сацыяльны градус эпохі. Невыпадкова гэты здымак стаў адной з 118 найлепшых сусветных фатаграфій 1980 — 1990-х гадоў, а ў 1987 годзе Юрый Іваноў увайшоў у сотню найлепшых фатографаў свету.
Нездарма яго талентам захапляліся і захапляюцца акцёр Генадзь Аўсяннікаў і драматург Алена Папова, спевакі Валерый Кучынскі і Міхаіл Жылюк, паэты і сябры з розных краін. Сведчаннем таму з’яўляюцца і наступныя выразныя выказванні, прысвечаныя Юрыю Іванову:
И снова миг ты свой настиг —
он не утрачен!
Вновь света блиц и свет от лиц —
вот миг удачи!
Как будто явь в чудесном сне,
как будто выстрел в тишине —
Осколки совести безмолвно на стене...
(акадэмік Анатоль Рубінаў)
«Юрый Іваноў — гэта лёс краіны ў рамках творчасці аднаго чалавека. Фатаграфія — гэта яго жыццё, яго запал. Вось таму мне было цікава ляпіць яго скульптурны партрэт. І ляпіў я яго доўга, доўга, доўга...» (скульптар Іван Міско). «Яго найлепшыя работы — момант ісціны. Яны застануцца ў гісторыі» (кампазітар Ігар Лучанок). «Яго фотаапарат падае нам калейдаскоп здзіўлення ад нечаканых кампазіцый навакольнага жыцця» (мастак Леанід Шчамялёў). «Паказваючы людзей, ён падкрэслівае іх годнасць і гонар. Ні ў адной рабоце ён не пасароміў вялікую галіну фатаграфіі. Гэта дакладна» (мастак Міхаіл Савіцкі). «Юрыю Іванову — з захапленнем яго талентам схопліваць незвычайныя выразы твараў сваіх герояў» (кампазітар Мішэль Легран). Лаканічней і выразней за ўсіх сказаў знакаміты мастак Міхаіл Шамякін: «Брава! Майстар!»
Антаніна КАРПІЛАВА