Top.Mail.Ru

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла анталогія паэтычных твораў, прысвечаная жанчыне-працаўніцы


«Жанчына... Айчына... Сусвет...» — зборнік вершаў, якія класікі і сучасныя паэты прысвяцілі жанчыне-маці, жанчыне-працаўніцы, жанчыне-абаронцы Айчыны, жанчыне-прыгажуні. «Свет вялікі... Словы, словы... / Колькі іх — і не злічыць! Толькі „мама“ на ўсіх мовах / Скрозь аднолькава гучыць. / І хоць розных моў таксама / Ў цэлым свеце о-ё-ёй!../ Толькі мамы, нашы мамы, / Размаўляюць на сваёй...» (Алесь Бачыла. «Мама»). Свой дыялог з маці і жонкай вядуць Янка Купала, Аляксей Русецкі, Алесь Звонак, Сяргей Грахоўскі, Мар’ян Дукса, Яўгенія Янішчыц... На старонках анталогіі, укладзенай вядомым у краіне паэтам Віктарам Шніпам, — і паэты-сучаснікі Алесь Бадак, Уладзімір Мазго, Вольга Русілка, Пятро Жаўняровіч, Станіслаў Валодзька, Міхась Пазнякоў, Зінаіда Дудзюк ... 

Кнігу ўпрыгожваюць рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў Яўгена Красоўскага, Міколы Селяшчука, Альгерда Малішэўскага, Леаніда Шчамялёва, Аляксандра Кішчанкі, Валерыя Славука і іншых славутых жывапісцаў і графікаў. Кнігу «Жанчына... Айчына... Сусвет...» можна смела дарыць і маці, і каханай, і дачцэ. Такія выданні павінны знайсці месца не толькі ў грамадскіх бібліятэках, але і ў хатніх кніжніцах. Анталогія, тэксты, змешчаныя ў ёй, — добры складнік у справе выхавання пачуццяў любові, кахання, узаемапавагі. 

Мікола Берлеж

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю