У в. Вяляцічы Пінскага раёна ўвялі каранцін з-за хворай на шаленства лісы, паведамляе БелТА са спасылкай на Пінскі райвыканкам.
У вёску зайшла заражаная шаленствам ліса. Яна накінулася і пакусала сабаку. Пра здарэнне вяскоўцы расказалі спецыялістам Пінскай раённай ветэрынарнай станцыі. Біялагічны матэрыял драпежніцы быў узяты на даследаванне, якое паказала наяўнасць у яе віруса шаленства.
Пінскі райвыканкам у сувязі з гэтым аб’явіў у Вяляцічах каранцін. «У вёсцы ўведзены спецыяльныя абмежавальныя і прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання віруса. Спецыялісты выяўляюць вяскоўцаў, якія маглі кантактаваць з хворай жывёлай і маюць патрэбу ў тэрміновай прафілактычнай вакцынацыі», — расказалі ў Пінскім райвыканкаме.
Спецыялісты таксама правераць выкананне гаспадарамі правілаў утрымання свойскай жывёлы. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена рэгістрацыі, вакцынацыі і выгулу гадаванцаў.
Фота: pixabay.com