Напярэдадні адразу дзвюх вялікіх хрысціянскіх свят — Вербнай нядзелі і Вялікадня — Міністэрствам унутраных спраў прыняты комплекс дадатковых мер для падтрымання грамадскай бяспекі і аператыўнай гатоўнасці да любых няштатных сітуацый.
Асаблівую ўвагу вырашана надаць месцам, дзе пройдуць самі рэлігійныя мерапрыемствы. На аб’ектах, якія традыцыйна прыцягваюць вялікую колькасць людзей, арганізуюць прапускны рэжым, дагляд з дапамогай тэхнічных сродкаў.
— Праваахоўнікі арыентаваныя на абарону грамадзян ад супрацьпраўных замахаў і папярэджанне правапарушэнняў. Інспектары ДАІ нацэлены на рэгуляванне транспартных і пешаходных патокаў, спыненне грубых парушэнняў Правілаў дарожнага руху, — пракаменціраваў у тэлеграм-канале ведамства намеснік начальніка ГУАПП МУС Сяргей Мірончык. — Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі ўзмоцняць работу на аб’ектах транспарту. Стан правапарадку паблізу культавых збудаванняў і ў іншых грамадскіх месцах таксама будзе кантралявацца з дапамогай сістэм відэаназірання.
.jpg)
Ведамства звяртаецца да грамадзян з просьбай з разуменнем паставіцца да абмежаванняў і праверак, якія ўводзяцца, а таксама выконваць грамадскі парадак і базавыя правілы бяспечных паводзін. Варта захоўваць пільнасць: калі вы заўважылі безгаспадарную сумку, скрутак ці людзей, чые дзеянні выклікаюць падазрэнне, не спрабуйце разабрацца самастойна. Неадкладна паведаміце аб знаходцы па тэлефоне 102 ці бліжэйшаму супрацоўніку міліцыі. Своечасовае тэлефанаванне можа прадухіліць бяду і дапамагчы захаваць спакой свята для навакольных.
— Усе меры, якія мы прымаем, накіраваны на абарону і камфорт грамадзян. Міліцыя заўсёды гатова прыйсці на дапамогу і гарантаваць бяспеку, — падкрэсліў Сяргей Мірончык.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА