Top.Mail.Ru

У выстаўцы «Адукацыя і кар’ера» сёлета прымуць удзел 46 ВНУ і 76 каледжаў краіны

З 12 да 15 лютага ў Мінску адбудзецца 23-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Адукацыя і кар’ера» — адна з ключавых падзей у гэтай сферы. Традыцыйна яна збірае шырокае кола ўдзельнікаў і наведвальнікаў і застаецца важнай камунікацыйнай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае адукацыю і рынак працы, спрыяючы фарміраванню ўсвядомленых і запатрабаваных прафесійных выбараў. Галоўная тэма сёлетняй выстаўкі — «Адукацыя для эканомікі будучыні».



Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргей ПІШЧОЎ, выстаўка праводзіцца штогод у лютым і ўжо даўно з’яўляецца пляцоўкай для прэзентацыі магчымасцяў айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі. У параўнанні з папярэднімі выстаўкамі працягласць цяперашняй вырашылі павялічыць на адзін дзень — з улікам высокай зацікаўленасці, якая назіраецца на працягу апошніх гадоў.

У мерапрыемстве паўдзельнічаюць 46 устаноў вышэйшай адукацыі і 76 каледжаў нашай краіны. Акрамя таго, будуць прадстаўлены цэнтры дадатковай адукацыі і больш за 40 арганізацый — заказчыкаў кадраў, сярод якіх прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі сферы архітэктуры і будаўніцтва, сельскагаспадарчыя і лесагаспадарчыя структуры і шэраг іншых. Наведвальнікі змогуць непасрэдна пагутарыць з патэнцыяльнымі работадаўцамі, даведацца пра ўмовы працы, сацыяльныя гарантыі і магчымасці прафесійнага росту.

Акрамя экспазіцыйных пляцовак, дзе будуць прадстаўлены спецыяльнасці і кірункі дзейнасці ўстаноў адукацыі, наведвальнікаў чакае насычаная дзелавая праграма. Яна ўключае майстар-класы, семінары, круглыя сталы, да ўдзелу ў якіх запрашаюцца не толькі абітурыенты, але і бацькі, студэнты ўніверсітэтаў, навучэнцы каледжаў.

Такі фармат, паводле слоў Сяргея Пішчова, дазваляе глыбей пазнаёміцца з сістэмай прафесійнай адукацыі, магчымасцямі праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі, перспектывамі прафесійнага росту па абранай спецыяльнасці.

Як адзначыла дырэктар выставачнага прадпрыемства «Экспафорум» Вікторыя МІКАЛЮК, выстаўка арыентавана на шырокую аўдыторыю — школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, бацькоў, выпускнікоў устаноў адукацыі і маладых спецыялістаў:

— Сюды можна прыйсці і спакойна, без спешкі, зарыентавацца ў выбары будучай прафесіі.

На працягу ўсіх чатырох дзён выстаўка будзе суправаджацца насычанай праграмай мерапрыемстваў. На пляцоўцы «Майстэрня поспеху» наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па аратарскім майстэрстве, авіямадэляванні, вывучэнні замежных моў, рамёствах і кулінарыі. А 13 лютага ў 11.00 адбудзецца адкрыццё канферэнцыі «Метады эфектыўнага ўкаранення інавацыйных тэхналогій у навучальны працэс». Яна аб’яднае кіраўнікоў устаноў адукацыі і спецыялістаў, адказных за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. У межах мерапрыемства будуць прэзентаваны сучасныя распрацоўкі вучэбна-навуковага абсталявання: лічбавыя лабараторыі, наборы для развіцця і навучальныя робаты, прызначаныя для выкарыстання ў адукацыйных установах.

Будуць таксама даступныя прафарыентацыйныя тэсты, бліц-тэсты, гульні і віктарыны. Для выпускнікоў асаблівую цікавасць уяўляе магчымасць прайсці бліц-тэсціраванне па 14 прадметах на стэндах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў — гэта можна будзе зрабіць на працягу ўсіх дзён работы выстаўкі.

Мерапрыемства пройдзе па адрасе: праспект Пераможцаў, 14. Уваход свабодны.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю