Міністр прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў расказаў, у якіх расійскіх нацпраектах тэхналагічнага лідарства будзе ўдзельнічаць беларускі бок, паведамляе БелТА.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках праведзеных 13 сакавіка ў Крамлі перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным заявіў, што Беларусь будзе рада дапамагчы ў рэалізацыі новых амбіцыйных нацыянальных праектаў, якія ініцыіраваны кіраўніком расійскай дзяржавы.
«Беларускія прамысловыя тавары ў рамках кааперацыі будуць удзельнічаць у такіх нацыянальных праектах тэхналагічнага лідарства, як „Сродкі вытворчасці і аўтаматызацыі“, „Прамысловае забеспячэнне транспартнай мабільнасці“ і „Новыя матэрыялы і хімія“. Плюс цэлы шэраг праграмных дакументаў, зацверджаных на ўзроўні ўрада Расіі: гэта і сацыяльна-эканамічнае развіццё пэўных рэгіёнаў Расіі, і ахова навакольнага асяроддзя, дзе таксама мы будзем пастаўляць нашы пасажырскія электратранспартныя сродкі. У тым ліку гэта і праграмы, якія субсідуюцца за кошт расійскіх фінансавых інструментаў, што таксама дасць магчымасць павялічыць нам аб’ёмы продажаў», — сказаў міністр прамысловасці Беларусі.
Ён нагадаў, што ў рамках рэалізацыі рашэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы міністэрствы прамысловасці дзвюх краін падпісалі пералік праектаў і праграм, дзе будзе забяспечаны роўны доступ да беларускіх і расійскіх прамысловых тавараў. «Гэта шэсць праектаў з боку Расійскай Федэрацыі і чатыры праграмныя дакументы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — удакладніў Аляксандр Яфімаў. Пры гэтым ён адзначыў, што расійскае заканадаўства дазваляе ўжо беларускай тэхніцы на роўных з расійскай удзельнічаць у дзяржаўных і муніцыпальных закупках РФ.
«Дык вось удзел у гэтых дзесяці праектах двум бакам дасць магчымасць практычна поўнасцю ўраўнаваць умовы продажу нашай прадукцыі. Такім чынам беларускія і расійскія прамысловыя тавары на тэрыторыі дзвюх дзяржаў будуць мець стопрацэнтны нацыянальны рэжым. Прычым гэта датычыцца не толькі канчатковых прамысловых тавараў, але і камплектуючых, вырабленых як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Расіі», — падкрэсліў міністр.
«Гэта ключавыя моманты, яны будуць, вядома ж, дашліфоўвацца. Напрыклад, у 2024 годзе мы правялі вялікую работу па гарманізацыі пастаноў урадаў Расіі і Беларусі ў частцы ўзаемнага прызнання тэхналагічных аперацый і камплектуючых. І далей у гэтым ключы работа будзе прадаўжацца», — дадаў Аляксандр Яфімаў.