У якім выпадку суму дапамогі па часовай непрацаздольнасці могуць зменшыць ці адмовіць у яе выплаце, расказалі БелТА ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
У выплаце могуць адмовіць, калі, напрыклад, работнік наўмысна нанёс шкоду свайму здароўю, каб ухіліцца ад працы ці іншых абавязкаў, або атрымаў траўму пры ўчыненні злачынства. Таксама дапамога не назначаецца за дні водпуску за свой кошт і за перыяд працы, за які налічана зарплата.
Велічыню дапамогі (да 50% ад разлічанага) могуць зменшыць за парушэнне рэжыму, прадпісанага ўрачом, напрыклад, пры няяўцы на прыём. Змяншэнне прымяняецца з дня парушэння на тэрмін, які вызначае камісія па назначэнні дапамогі па месцы працы. Таксама велічыню дапамогі могуць зменшыць, калі хвароба наступіла ў перыяд прагулу без уважлівай прычыны, калі прычынай захворвання ці траўмы стала ўжыванне алкаголю або наркатычных рэчываў. Пры гэтым першыя 6 каляндарных дзён не аплачваюцца ўвогуле.
Калі работнік захварэў у час працоўнага водпуску, яго прадоўжаць на адпаведную колькасць каляндарных дзён. Па жаданні работніка нявыкарыстаную частку водпуску можна перанесці на іншы тэрмін бягучага працоўнага года, узгоднены з наймальнікам. Патрэбна звярнуцца да ўрача, аформіць бальнічны і паведаміць наймальніку аб хваробе і прадаўжэнні водпуску. Дапамога назначаецца ва ўстаноўленым парадку.