Абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць практычна ва ўсіх абласцях краіны. Аб гэтым сведчаць даныя інтэрактыўнай карты Мінлясгаса, паведамляе БелТА.
Паводле інфармацыі на 12 кастрычніка, зялёным колерам на карце краіны адзначана Магілёўская вобласць, дзе дазволена наведванне лясоў. У Віцебскім і Гродзенскім рэгіёнах абмежаванне ўведзена ў Сенненскім і Дзятлаўскім раёнах адпаведна.
У Брэсцкай вобласці абмежаванні ўведзены ў Ганцавіцкім, Кобрынскім, Маларыцкім, Іванаўскім, Пінскім і Жабінкаўскім раёнах.
У Мінскай вобласці абмежавана наведванне лясоў у Мядзельскім, Барысаўскім, Смалявіцкім, Мінскім, Дзяржынскім, Салігорскім, Уздзенскім, Пухавіцкім і Слуцкім раёнах.
На паўднёвым усходзе краіны абмежаванні дзейнічаюць ва ўсіх раёнах, акрамя Жыткавіцкага, Светлагорскага і Акцябрскага Гомельскай вобласці.
Перад паходам у лес спецыялісты рэкамендуюць даведацца пра актуальную інфарамацыю на афіцыйным сайце Мінлясгаса. Інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў увесь час актуалізуецца. Таксама інфармацыю можна ўдакладніць у мясцовых райвыканкамах і лесагаспадарчых установах.