Top.Mail.Ru

У якім выпадку рыэлтарскую арганізацыю могуць пазбавіць ліцэнзіі?

З 16 мая ўступілі ў сілу асноўныя палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 мая 2025 года «Аб рыэлтарскай дзейнасці». На працягу года Міністэрствам юстыцыі прымаліся меры па забеспячэнні рэалізацыі яго патрабаванняў і неабходныя падзаконныя акты, праводзілася інфармацыйная работа.



Намеснік міністра юстыцыі Ірына СЦЯПУРА падчас прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы акцэнтавала ўвагу на некалькіх момантах, якія хвалююць і рыэлтарскую супольнасць, і будуць карысныя для спажыўцоў:

— Першае — у нас скасаваны інстытут агентаў па аперацыях з нерухомасцю. Яны павінны набыць статус рыэлтара — тыя, хто жадае працягнуць сваю дзейнасць на рынку нерухомасці. Нагадаю, што скасаванне гэтага інстытута выклікала самыя гарачыя спрэчкі ў рыэлтарскай супольнасці. Выказваліся розныя пункты гледжання, і ўсе яны былі з негатыўным ухілам — пра тое, што агенты не пяройдуць у статус рыэлтара, не будуць павышаць свой прафесійны ўзровень, праходзіць навучанне. Калі яны пройдуць навучанне, то не прыйдуць на экзамен у Міністэрства юстыцыі, а калі дойдуць (у міністэрства. — «Зв.»), то яно не дазволіць ім яго здаць. Былі розныя здагадкі.

Ірына Сцяпура запэўніла, што рэальнасць далёкая ад гэтых прагнозаў:

— На самай справе, агенты па аперацыях з нерухомасцю вельмі актыўна на працягу апошняга года заяўляліся на экзамен у Міністэрства юстыцыі. Колькасць асоб, якія яго паспяхова здалі, досыць высокая.

Другое пытанне, якое выклікала бурныя абмеркаванні, датычылася Палаты рыэлтараў, адзначыла намеснік міністра:

— Яна створана — гэта факт. Палата рыэлтараў функцыянуе на працягу месяца. Я хачу нагадаць, што імкненне яе стварыць — не жаданне нейкім чынам фармалізаваць галіну. Гэты орган мы разглядаем як неабходнасць для далейшага развіцця рыэлтарскай супольнасці. Гэта, хутчэй, крок да сталасці ў прафесіі. З 16 мая ў краіне аказваць рыэлтарскія паслугі могуць толькі тыя асобы, якія з’яўляюцца членамі Палаты рыэлтараў. У гэтай сувязі спажыўцам, якія звяртаюцца ў рыэлтарскія арганізацыі, неабходна праверыць дзве рэчы: зайсці на сайт Міністэрства юстыцыі і паглядзець статус рыэлтара (ці насамрэч ён з’яўляецца работнікам рыэлтарскай арганізацыі), а на сайце Палаты рыэлтараў пераканацца, што асоба, якая аказвае паслугі, з’яўляецца членам Палаты рыэлтараў. Што датычыцца раней заключаных дагавораў: калі асобай, адказнай па дагаворы, з’яўляецца рыэлтар, які не стаў членам Палаты рыэлтараў, значыць, ён не можа працягваць такую дзейнасць і суправаджаць гэты дагавор. Паўнамоцтвы павінны быць перададзены іншаму работніку рыэлтарскай арганізацыі. Калі выяўляецца факт аказання рыэлтарскіх паслуг асобай, якая не з’яўляецца членам Палаты рыэлтараў, гэта з’яўляецца грубым парушэннем ліцэнзійных патрабаванняў. Для рыэлтарскай арганізацыі гэта будзе мець вельмі негатыўныя наступствы. Магчыма вынясенне папярэджання аб ліквідацыі парушэння ці ўвогуле прыпыненне дзеяння ліцэнзіі.

Некаторыя рыэлтарскія агенцтвы пачынаюць хітрыць і сваіх агентаў па аперацыях з нерухомасцю спрабуюць перавесці на іншыя пасады тэхнічнага або дапаможнага персаналу, захаваўшы за імі ранейшы функцыянал. Ірына 

Сцяпура папярэдзіла, што гэта з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства аб ліцэнзіраванні.

Міністэрства юстыцыі са свайго боку зрабіла ўсё магчымае для таго, каб увядзенне навацый было найбольш камфортным для ўсіх удзельнікаў рынку, падкрэсліла начальнік упраўлення адвакатуры і ліцэнзіравання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Дзіяна ПАДЛЕСКАЯ:

— Экзамен у агентаў па нерухомасці на статус рыэлтара мы пачалі прымаць яшчэ год таму, і гэты працэс працягваецца. Закон скарэкціраваў некаторыя патрабаванні да прэтэндэнтаў на атэстацыю рыэлтара. Замест профільнай адукацыі цяпер чалавеку дастаткова мець любую вышэйшую адукацыю плюс прайсці навучальныя курсы, і тады ён можа прыходзіць здаваць экзамены. На дадзены момант такое навучанне ўжо прайшло больш за 1,5 тысячы чалавек.

Працягласць курсаў — два тыдні. Прэтэндэнтам чытаюць лекцыі па пытаннях у сферы грамадзянскага і жыллёвага заканадаўства, рыэлтарскай дзейнасці, зямельнага права. Усё тое, што спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці.

Па шматлікіх просьбах рыэлтарскага грамадства да 16 лістапада прэтэндэнты, якія не паспелі атрымаць вышэйшую адукацыю, а маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і трохгадовы стаж працы на момант апублікавання Закона «Аб рыэлтарскай дзейнасці», таксама могуць паспрабаваць здаць экзамен.

Яна ВАЛАСАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю