З першых дзён чэрвеня пачаліся палявыя работы на тэрыторыі Заслаўскага замка (гісторыка-культурная каштоўнасць «Гарадзішча Вал») — аб’екце, які мае асаблівае значэнне для гісторыі Беларусі. Археолагі прыступілі да расчысткі праезду ў браму замка з мэтай яго далейшай кансервацыі і музеефікацыі.
Даследаванні вядуцца Інстытутам гісторыі НАН Беларусі ў рамках дзяржаўнай навуковай праграмы «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы».
Да даследавання прыцягнуты не толькі вучоныя-археолагі, але і рабочыя, валанцёры і навучэнцы — у тым ліку пры падтрымцы Мінскага райвыканкама. Работы будуць працягвацца, як мяркуецца, да канца чэрвеня.
Пасля завяршэння раскопак плануецца распрацоўка праекта для рэстаўрацыі і музеефікацыі аб’екта.

Дарэчы, на гэты момант фонд гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» налічвае 12282 адзінкі асноўнага і 4711 адзінкі навукова-дапаможнага фонду. Яшчэ ў 1989 годзе пачаліся першыя найбольш значныя паступленні. Яны паслужылі базай для фарміравання структуры фонду. Сёння музейны фонд складаецца з асноўнага фонду, навукова-дапаможнага і фонду часовых паступленняў. У сваю чаргу асноўны фонд дзеліцца на 22 калекцыі. Самай вялікай у фондах музея-запаведніка з’яўляецца калекцыя археалогіі. Яна налічвае больш за 3700 адзінак асноўнага фонду. У калекцыю ўвайшлі галоўным чынам прадметы, перададзеныя музею Юрыем Апанасавічам Зайцам падчас правядзення археалагічных раскопак як у самім горадзе Заслаўі, так і ў яго наваколлях (раскопкі праводзіліся ў 1967-1986 гг.). Гэта разнастайныя фрагменты посуду Х—ХVIII ст., пліткі XVI–XVIII стст., жалезныя вырабы (нажы, цвікі, прылады працы, зброя), шыферныя прасліцы, фрагменты амфар, касцяныя вырабы (X–XII ст.), упрыгожванні (бранзалеты, пярсцёнкі, каралі, скроневыя кольцы) і XII–XIV ст.
Другой па колькасці прадметаў і ўкамплектаванасці з’яўляецца калекцыя ткацтва — яна налічвае каля 1000 адзінак. Больш за 700 прадметаў налічвае калекцыя «Кераміка». Ёсць спадзяванне, што пры чарговых археалагічных даследаваннях гэтыя калекцыі могуць папоўніцца новымі экспанатамі.