Top.Mail.Ru
194

У Заводскім раёне сталіцы прайшоў антынаркатычны стрым

Для дзяцей з Заводскага раёна г. Мінска, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, пры падтрымцы адміністрацыі раёна арганізавалі тэлемост з выхаваўчай калоніяй № 2 Бабруйска.


Падлеткі змаглі задаць пытанні аднагодку, які адбывае пакаранне за нарказлачынства. Так, Уладзіслаў расказаў, як трапіў на лаву падсудных.

Малады чалавек — з поўнай, забяспечанай сям’і. «Ніколі не меў патрэбу ў грашах, — расказаў ён. — Бацькам важна было, каб я вучыўся. У школе быў на добрым рахунку, займаўся спортам. У адзін момант адчуў, што пасталеў і ў парадах бацькоў не маю патрэбу. У кампаніі сяброў першы раз паспрабаваў наркотык. Потым разам вырашылі зарабіць на распаўсюджванні, пачалі працаваць на наркамагазін».

У гэты ж дзень юных злачынцаў затрымалі супрацоўнікі міліцыі. 
  • Уладзіславу прызначылі пакаранне ў выглядзе 12 гадоў пазбаўлення волі. Хлопец заклікаў падлеткаў сур’ёзна ставіцца да выбару сяброў, не паўтараць яго памылак і сачыць за сваім здароўем. Зняволены прызнаўся, што, нягледзячы на непрацяглы перыяд ужывання наркотыкаў, у яго ўжо з’явіліся праблемы са здароўем. 
Хлопцы і дзяўчаты задавалі Уладзіславу пытанні.



У канцы гутаркі малады чалавек звярнуўся да аўдыторыі: «Зразумейце, зазірнуць у будучыню немагчыма, але памяняць свой светапогляд вельмі рэальна, было б жаданне. Спадзяюся, мая гісторыя —  нагода, каб задумацца і засцерагчы сябе ад непрадуманых крокаў».

На думку начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Ларысы Палачанскай, падобныя сустрэчы — добрая дапамога ў прафілактычнай рабоце з «цяжкімі» падлеткамі. «Яны бачаць тых, хто знаходзіцца па тым боку экрана, і праз "жывую" гутарку з імі паспяваюць адчуць прыгнятальную атмасферу турэмнага зняволення, — заўважае яна. — Калі падуліковыя дзеляцца сваімі ўражаннямі, становіцца зразумела, што такія дыялогі ў правільным ключы мяняюць свядомасць дзяцей, умацоўваюць іх правапаслухмяныя паводзіны».

Вераніка КАНЮТА.
Фота прэс-службы Заводскага РУУС г. Мінска.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю