Top.Mail.Ru

У Жлобінскім раёне падвялі вынікі ліквідацыі наступстваў летняй стыхіі

Пасяджэнне штаба па пытаннях устаранення наступстваў летняй стыхіі на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам прайшло на базе аднаго з самых пацярпелых раёнаў. Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік далажыў аб тым, што ўжо зроблена ў галіне за сем месяцаў напружанай працы.


«Людзям трэба сказаць вялікі дзякуй за іх самаадданую працу. Праведзена вялікая работа», — адзначыў Віктар Каранкевіч. Таксама ён звярнуў увагу на своечасовасць выяўлення пашкоджаных участкаў і пастаноўкі іх на ўлік. Да першапачатковых даных паступова дадаваліся новыя. Як адзначыў кіраўнік ведамства, працягласць фронту буралому склала 300 км. Недзе лясы былі практычна пакладзены наймацнейшым ветрам, ёсць нямала і тых, у якіх аказалася падарваная каранёвая сістэма, і моцны вецер у восеньскія месяцы дадаў пашкоджанняў у лясах.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко адзначыў, што наступствы ліпеньскага ўрагану ў вобласці будуць памятаць яшчэ доўга. «Стагадовага лесу не стала за лічаныя хвіліны. Калі з расчысткай тэрыторый, аднаўленнем энергазабеспячэння, будынкаў і збудаванняў справіліся ў аптымальныя тэрміны, то на лесааднаўленне неабходна значна больш часу», — сказаў ён, нагадаўшы, што ў першыя гадзіны і дні работнікі лясгасаў у поўным складзе практычна ў кругласутачным рэжыме былі заняты на расчыстцы аўтамабільных дарог, населеных пунктаў і месцаў пахаванняў, прыборцы дрэў з ліній электраперадачы і інш. Паралельна сілы былі накіраваны і на разрабленні ветравальна-бураломных лесасек.

Каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, на прыборцы буралому быў задзейнічаны магчымы максімум кадраў і тэхнікі з аўтапаркаў лясгасаў краіны. Генеральны дырэктар Гомельскага Дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Дзягцярык падвёў вынікі карпатлівай і напружанай работы, якая пачалася ў сярэдзіне лета. «16,8 тысячы гектараў суцэльных санітарных высечак — мы літаральна заўтра заканчваем гэтыя аб’ёмы, якія выяўлены і пастаўлены на ўлік. Тысячы гектараў выбарных высечак і прыборкі захламленасці таксама завяршаюцца. Хачу сказаць, што гэты буралом з’яднаў лясную галіну яшчэ больш. У той момант Гомельская вобласць не засталася сам-насам з бядой. Усе лясгасы падставілі плячо, і так адзіным калектывам спраўляліся з пастаўленай задачай. І дагэтуль некаторыя людзі знаходзяцца ў камандзіроўках. Першапачаткова ўсе зыходзілі з пазіцыі: пакуль не скончыцца буралом, ніхто адсюль не з’язджае, апошні харвестар пакіне лес толькі пасля ўсіх работ», — акцэнтаваў ён, дадаўшы, што 90 % драўніны ўжо рэалізавана, засталіся дровы і нізкасортная частка.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю