Top.Mail.Ru
290

У Жодзіне каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам устанавілі інфармацыйны стэнд

Мерапрыемства адбылося ў рамках сумеснага праекта ФПБ і РГА «Патрыёты Беларусі» «Захаваем гісторыю». Ініцыятыва накіравана на захаванне гістарычнай памяці і прыцягненне ўвагі дзяцей і моладзі да мінулага Беларусі. Грамадскія арганізацыі алічбоўваюць гістарычныя даныя і ў далейшым устанаўліваюць па ўсёй краіне ў памятных месцах інфармацыйныя стэнды з нанесеным спецыяльным QR-кодам. Код вядзе на інтэрнэт-платформу, дзе можна даведацца пра гісторыю канкрэтнага месца, праслухаць аўдыязапіс і нават прагледзець гістарычнае відэа.


Як паведаміў старшыня РГА «Патрыёты Беларусі» Мікалай Зарубіцкі, праект ахапіў ужо ўсе рэгіёны, алічбавана каля 3,5 тысячы аб’ектаў па ўсёй краіне. Такая маштабная работа вядзецца, каб гісторыю немагчыма было перапісаць і наша маладое пакаленне ведала толькі праўдзівую інфармацыю аб нашым гістарычным мінулым.

Цырымоніі ўстаноўкі папярэднічаў мітынг-рэквіем, прысвечаны загінулым героям, якія выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак.


Удзельнікі мітынгу таксама абмеркавалі актуальныя пытанні дзейнасці грамадскіх арганізацый нашай краіны ў фармаце адкрытага дыялогу. Сярод іх — каля 200 маладых работнікаў сфер ЖКГ, прамысловасці, адукацыі і гандлю, а таксама вайскоўцы. Асноўная тэма сустрэчы — роля грамадскіх арганізацый у забеспячэнні адзінства ў грамадстве.

— Сёння ў краіне ёсць суб’екты грамадзянскай супольнасці, якія маюць асаблівыя правы на ўзаемадзеянне з дзяржавай, у тым ліку, выбранне дэлегатаў на Усебеларускі народны сход, — адзначыў намеснік старшыні ФПБ Вадзім Грачоў. — Прафсаюзы Беларусі імкнуцца з усімі канструктыўна настроенымі патрыятычнымі сіламі нашай краіны наладзіць узаемадзеянне. У нас гэта атрымоўваецца. Адзін з яркіх прыкладаў — сяброўства з РГА «Патрыёты Беларусі». Мы імкнёмся, каб моладзь далучалася да патрыятычнай работы праз канкрэтныя справы, дабрачынныя акцыі, клопат аб ветэранах. Гэта павінна пакінуць след у сэрцах маладых людзей, якім далей развіваць нашу краіну.

Трэба адзначыць, што прафсаюзы традыцыйна ўдзяляюць вялікую ўвагу пытанням патрыятычнага выхавання, грамадзянскай адказнасці і пераемнасці пакаленняў. Удзел прафсаюзных арганізацый у захаванні гістарычнай памяці — сістэмная работа, якая аб’ядноўвае людзей розных прафесій і ўзростаў вакол агульных каштоўнасцяў: памяці, павагі і салідарнасці. 

Алена КРАВЕЦ.

Чытайце таксама: Прафсаюзы Беларусі павіншавалі заслужанага трэнера БССР з 90-гадовым юбілеем

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю