Удзельнікі наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, усклалі кветкі да магілы Мітрапаліта Філарэта. Пасля экскурсіі па духоўным цэнтры валанцёры заняліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі манастыра і прылеглых аб’ектаў. Праводзіліся духоўна-асветніцкія майстар-класы: па асновах іканаграфіі, выпечцы прасфор, вырабе свечак.
Праект «Аднаўленне святынь» ініцыяваны Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і падтрыманы апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Сінаідальным аддзелам па справах моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, рэлігійнымі арганізацыямі краіны. Праект накіраваны на выхаванне моладзі, фарміраванне павагі да гістарычнай, культурнай і рэлігійнай спадчыны.
У рамках ініцыятывы дабрачынныя акцыі праводзіліся па ўсёй краіне. Прайшло больш як 160 мерапрыемстваў, было задзейнічана каля 2600 валанцёраў.
Падчас сустрэчы ў духоўным цэнтры ў Жыровічах актывісты вырашылі падзяліцца вынікамі сваёй работы: прадставілі лепшыя практыкі па аднаўленні храмаў розных епархій і раёнаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі ініцыятывы будуць адзначаны падзякамі і памятнымі падарункамі.
У рамках мерапрыемства пройдзе ўрачысты малебен каля Жыровіцкага абраза Божай Маці ў Свята-Успенскім саборы.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ